Казахстан і Беларусь распачнуць перамовы пра пастаўкі нафты

Мінэнерга Казахстану ўжо на гэтым тыдні чакае беларускую дэлегацыю, з якой распачнуцца перамовы пра пастаўкі нафты, паведамляе Белсат.

neft_4.jpg

Дэлегацыю «Белнафтахіму» у Нур-Султане чакаюць ужо на гэтым тыдні.
«Прапрацоўваецца пытанне падпісання пагаднення аб супрацы ў галіне нафты і нафтапрадуктаў. Пасля падпісання беларускі бок атрымае магчымасць набываць у нас нафту. Мы, як міністэрства, арганізоўваем сустрэчы па іх просьбе», – распавёў Міністр энергетыкі Казахстана Нурлан Нагаеў.
Ён дадаў, што маршрут паставак залежыць ад камерцыйнай прывабнасці.
Беларусь абмяркоўвае пастаўкі нафты з Казахстанам ад летась. Мінск цікавіць не толькі пастаўка нафты, але і пастаўка прадуктаў, магчымых для перапрацоўкі, – напрыклад, мазут.
Размовы вяліся пра набыццё ад 1 да 3,5 млн тон нафты і нафтапрадуктаў у год.
Калі цёмныя нафтапрадукты можна пастаўляць у Беларусь чыгункаю, то нафту больш выгадна транспартаваць праз трубу. 21 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расія не дае згоды на пастаўкі нафты для Беларусі з Казахстана па нафтаправодзе «Дружба».
29 студзеня Аляксандр Лукашэнка ўпаўнаважыў урад на правядзенне перамоваў з Казахстанам аб гандлёва-эканамічнай супрацы ў межах паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь.
З расійскіх кампаній пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі для сябе пагадзілася толькі «Сафмар», якая належыць Міхаілу Гуцэрыеву – сябру Лукашэнкі.