Крызіс у люстэрку форума

Аб’ядныя дэмакратычныя сілы зладзілі антыкрызісны форум. Планавалася, што падчас гэтага мерапрыемства ва ўсёй красе беларусам будзе прадстаўлена няздольнасць ураду супрацьстаяць эканамічнаму крызісу. Пасля чаго абураныя дзяржпадманам народныя масы мусілі рынуцца на вуліцы ў пошуках справядлівасці і лепшага жыцця. Арганізатары форума называлі яго своеасаблівымі «грамадскімі слуханнямі», народнай трыбунай. Толькі адна недарэчнасць атрымалася: народных мас сярод удзельнікаў не было заўважана.



c203d8a151612acf12457e4d67635a95.jpg

Аб’ядныя дэмакратычныя сілы зладзілі антыкрызісны форум. Планавалася, што падчас гэтага мерапрыемства ва ўсёй красе беларусам будзе прадстаўлена няздольнасць ураду супрацьстаяць эканамічнаму крызісу. Пасля чаго абураныя дзяржпадманам народныя масы мусілі рынуцца на вуліцы ў пошуках справядлівасці і лепшага жыцця. Арганізатары форума называлі яго своеасаблівымі «грамадскімі слуханнямі», народнай трыбунай. Толькі адна недарэчнасць атрымалася: народных мас сярод удзельнікаў не было заўважана. Прадстаўнічасць мерапрыемства абмежавалася добра вядомымі адзін аднаму заўсёднікамі палітычных мерапрыемстваў, якія ладзіць апазіцыя.

(На фота: Станіслаў Багданкевіч  фота Дзядзінкіна)


З аптымізмам у вір крызісу
Паколькі сходу рабочых і сялян не атрымалася, іх меркаванне наконт бягучай эканамічнай сітуацыі агучылі сацыёлагі. І гэта была бадай што самая цікавая і пазнавальная частка форума. Даследчыкі аналізавалі адносіны людзей да эканамічнага крызісу, а таксама параўноўвалі настроі ў грамадстве ў трох сумежных краінах — Беларусі, Украіне, Расіі. Супрацоўніца сацыялагічнай лабараторыі «Новак» Надзея Яфімава расказала, што даследаванне праводзіцца з лістапада мінулага года.

Яраслаў Раманчук Фота Дзядзінкіна


На пытанне «Ці закрануў крызіс Беларусь?» у лістападзе 2008 года 9 працэнтаў беларусаў адказалі адмоўна, а ў лютым гэтага — толькі два. Аднак больш за палову рэспандэнтаў лічыць, што Беларусь выйдзе з яго з найменшымі стратамі. Ад крызісу нашы суайчыннікі чакаюць спаду вытворчасці, скарачэння працоўных месцаў, паніжэння ўзроўню жыцця. Апошняе — гэта ўстойлівае негатыўнае чаканне. Змену ўладаў прагназуюць толькі каля трох працэнтаў жыхароў Беларусі. Асабіста для сябе чакаюць скарачэнне даходаў і, як вынік, абмежаванне спажывання. Цікава, што на пачатку года працу баяліся згубіць больш апытаных, чым цяпер.
«Калі гаварыць у цэлым пра тры сумежныя краіны, то найбольш негатыўныя, трывожныя чаканні характэрныя для Украіны, — расказвае Надзея Яфімава. — У Расіі назіраецца адаптацыя да крызісу, спробы знайсці выхад. Беларусы ж пакуль у разгубленасці. На многія пытанні анкеты рэспандэнты адказвалі: «не ведаю», «цяжка сказаць». Якія краіны найбольш пацярпелі ад крызісу? Большасць украінцаў лічыць, што гэта іх радзіма. Толькі 11 працэнтаў беларусаў сказалі, што гэта «сінявокая». 31 працэнт нашых суграмадзян аптымістычна лічаць, што крызіс доўга не працягнецца і сітуацыя стабілізуецца, 44 працэнта схіляюцца да думкі, што гэта зацяжны працэс. У Расіі і ва Украіне больш за палову апытаных лічаць, што крызіс будзе доўгі час.
Відаць, на «крызісны» аптымізм беларусаў уплываюць праблемы са свабодай СМІ і перакананні ўладаў, што «ў нас крызісу няма». Сорак працэнтаў апытаных заявілі, што ім не хапае інфармацыі па гэтай тэме ці яна неаб’етыўная, а палова лічыць, што маштабы крызісу журналісты перабольшваюць.
Для беларусаў крызіс пакуль праявіўся ў дзвюх іпастасях, прынамсі яны так лічаць. 89,9 працэнта апытаных назвалі рост цэн, 40 працэнтаў — скарачэнне даходаў сям’і. Толькі 7 працэнтаў сутыкнуліся са звальненнямі, а 13 — са скарачэннем працоўнага дня і вымушаным сыходам у неаплачаны адпачынак.
І людзі да вас пацягнуцца
Пасля сацыялагічнага раскладу з тлумачэннем прычын таго, што жыць становіцца ніяк не лепш і не весялей, выступіў былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч. Ён жа агучыў планы па выратаванню эканомікі краіны. Сярод асноўных чыннікаў паступовага краху беларускага цуда знаны эканаміст найперш назваў стварэнне адміністрацыйна-каманднай мадэлі кіравання, моцную залежнасць ад экспарту (70 працэнтаў да ВУП), захаванне неэфектыўных працоўных месцаў, стварэнне перашкодаў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу (доля малога бізнесу складае 8,6 працэнта да ВУП), памылкі ў манетарнай палітыцы — перакрэдытаванне, рост рублёвай грашовай масы, інфляцыя і інш. У выніку «перагрэтая» эканоміка. Пры 129 трыльёнах рублёў валавога ўнутранага прадукту ў 2008 годзе было не рэалізавана 35 працэнтаў гадавой вытворчасці на суму 46 трыльёнаў рублёў (з улікам дэбіторскай запазычанасці). Інфляцыя склала 13,3 працэнта, дэфіцыт гандлёвага балансу 4,4 мільярда долараў.


Антыкрызісную праграму ўраду Станіслаў Багданкевіч разбіў ушчэнт, спаслаўшыся на яе мазаічнасць, слабыя тэмпы дэбюракратызацыі і лібералізацыі, акцэнт на знешнія запазычанасці замест рэфармавання, адсутнасць праграм па інфляцыі, валютнаму курсу, унутрынацыянальнаму рынку. Слушнай з’яўляецца крытыка ўраду ў памкненнях захаваць максімум працоўных месцаў на стратных прадпрыемствах — яны і ў лепшыя часы трымаліся на плыву за кошт датацый, дык што ўжо гаварыць пра іх канкурэнтаздольнасць і мэтазгоднасць існавання цяпер. Натуральна, праблемы назапасіліся і ў падатковай, сацыяльнай, фінансава-крэдытнай сферах.
У якасці альтэрнатывы былі прапанаваны «першачарговыя антыкрызісныя крокі». Найперш прапануецца звярнуцца да нацыі з прызнаннем памылак (толькі хто ж у нас захоча публічна сказаць: «Прабачце, але я дурань»?), затым пачаць пераводзіць эканоміку на рынкавыя рэйкі, перагледзець манетарную палітыку, адпусціць падаткі, перагледзець сацыяльныя праграмы, правесці скарачэнні чыноўніцкага апарату, дый наогул мінімізаваць бюракратычны складнік. Дарэчы, эканаміст Аляксандр Чубрык акцэнтаваў увагу менавіта на сацыяльных праграмах падтрымкі беспрацоўных, армія якіх з кожных днём можа павялічыцца. «Давайце грошы людзям, а не абстрактным юрыдычным асобам, якія ні за што не нясуць адказнасці», — заклікае эксперт.
Натуральна, прапановы шаноўных эканамістаў слушныя, і ўраду варта было б прыслухацца. Але нават калі б іх выступы гучалі для насамрэч шырокай, прадстаўнічай і не такой дасведчанай аўдыторыі, то ці многа б зразумелі слухачы? Можа, нават лепш, што да падобных форумаў пакуль не маюць доступу тыя самыя шырокія народныя масы.