Куды мы коцімся? Нават расійскае агенцтва адклікала крэдытныя рэйтынгі Беларусі

Расійскае агенцтва (АКРА) адклікала крэдытныя рэйтынгі Беларусі «з неаналітычных прычын». Гэтыя прычыны — немагчымасць інвестараў у беларускія еўрааблігацыі атрымаць выплаты па працэнтах і грошы за тыя аблігацыі, тэрмін дзеяння якіх мінуў.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg

«Аналітычнае крэдытнае рэйтынгавае агенцтва (АКРА) адклікае раней нададзеныя ўраду Рэспублікі Беларусь незапрошаныя крэдытныя рэйтынгі па міжнароднай шкале: доўгатэрміновыя крэдытныя рэйтынгі ў замежнай валюце на ўзроўні B+ і ў нацыянальнай валюце — B+ (прагноз па крэдытных рэйтынгах «развіваецца»), а таксама кароткатэрміновыя крэдытныя рэйтынгі ў замежнай валюце на ўзроўні B і ў нацыянальнай валюце — B без адначасовага іх пацвярджэння па неаналітычных прычынах», — гаворыцца ў паведамленні АКРА.

Адзначаецца, што ўпершыню незапрошаныя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Рэспублікі Беларусь былі апублікаваныя 20 лютага 2020 года.

«Названыя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Рэспублікі Беларусь не будуць перагледжаныя», — адзначаецца ў паведамленні.

У агенцтве таксама паказалі, што незапрошаныя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі былі нададзеныя на падставе публічных звестак, інфармацыі з адкрытых крыніц, а таксама базаў звестак АКРА. Пры наданні незапрошаных суверэнных крэдытных рэйтынгаў выкарыстоўвалася інфармацыя, якасць і дакладнасць якой, на думку АКРА, з'яўляюцца належнымі і дастатковымі для прымянення метадалогій.

Рашэнне прынята на фоне праблем з выплатай па еўрабондах расійскім інвестарам.

Нагадаем, летась урад Беларусі прыняў рашэнне рабіць выплаты па еўрабондах у беларускіх рублях на рахункі ў «Беларусбанку», бо праз санкцыі плацяжы перасталі праходзіць праз заходнюю інфраструктуру. Найбуйнейшыя міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы прыраўнялі такое рашэнне да дэфолту па гэтых выпусках еўрааблігацый.

Глядзіце таксама

Многія расійскія інвестары сутыкнуліся з праблемамі пры атрыманні выплат у новым парадку. Адной з асноўных стала пацвярджэнне правоў трымальнікаў аблігацый. У верасні гэтага года ў парадак былі ўнесены змены, аднак пакуль яны не пачалі працаваць у поўнай меры.

У кастрычніку ініцыятыўная група расійскіх трымальнікаў еўрабондаў накіравала ў дзяржорганы Расіі ліст з просьбай перагледзець падыходы да міждзяржаўнага крэдытавання Беларусі, а таксама закрыць для яе доступ да расійскага рынку капіталу да выканання ўсіх абавязацельстваў па еўрааблігацыях. У ініцыятыўную групу, паводле звестак расейскіх СМІ, уваходзяць 200 чалавек і 30 арганізацый, якім належаць аблігацыі на 200 млн долараў.

Да гэтага некалькі інвестараў спрабавалі судзіцца з беларускім Мінфінам у расійскім судзе, але ім было адмоўлена ў разглядзе справы па сутнасці з-за непадведамаснасці беларускага Мінфіна расійскаму суду.

Ініцыятыўная група таксама гатова звярнуцца з пазовам з нагоды беларускіх еўрабондаў у Лонданскі міжнародны арбітраж.

Міністэрства фінансаў Беларусі паабяцала вырашыць пытанне з выплатамі да канца года. Механізм прадугледжвае выкарыстанне цэнтральнага дэпазітарыя РФ.

Паводле АФН

Глядзіце таксама