Мільярды доўгу — не праблема?

У наступным годзе Беларусь не плануе браць крэдыты, каб расплаціцца з выплатамі па дзяржаўных пазыках. Пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Reuters». Разам з тым у наступным годзе пачынаецца перыяд пікавых плацяжоў па пагашэнні знешняга дзярждоўгу.
 



finansy.jpg

«З 2013 года пачынаюцца пікавыя плацяжы па пагашэнні знешняга дзяржаўнага доўгу. Аб’ём рэсурсаў, неабходных для гэтых мэтаў у 2013 годзе, складзе каля 2,3 мільярда долараў, што перавышае плацяжы 2012 года ў 2,6 разы», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да прынятага бюджэту на наступны год, дакумент патрапіў да журналістаў інтэрнэт-рэсурса Naviny.by. Патрэба ў фінансаванні расходаў па пагашэнні асноўнага доўгу па крэдытах беларускага ўрада ўзрасце ў 2013 годзе ў параўнанні з 2012-м на 234,2 мільёна долараў і складзе 421,7 мільёна долараў, павялічацца і дзяржаўныя выдаткі на абслугоўванне знешняга дзярждоўгу. На пагашэнне працэнтаў у 2013 годзе будзе накіравана з бюджэту 786,6 мільёна долараў (у 1,3 разы больш, чым у гэтым годзе). У суме Беларусь будзе вымушаная сплаціць прыблізна 3,5 мільярда долараў.
«Маючы ВУП пад 60 мільярдаў долараў і бюджэт з усіх крыніц пад 20 мільярдаў, я думаю, вы разумееце, што 2,5 мільярда (журналіст «Reuters» назваў лічбу ў 2,5 мільярда долараў — аўт.) — гэта невялікая праблема», — заявіў Лукашэнка, адказваючы на пытанне, дзе ўрад Беларусі возьме грошы на выплату пазыкаў.
Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз адзначыў, што ён не супраць прыватызацыі як працэсу, але супраць продажу «золата нацыі» за бясцэнак.
Тым не менш Беларусь спрабуе шукаць пакуль не зусім традыцыйныя для нас метады прыцягнення ў дзяржаву сродкаў. Напрыканцы лістапада Беларусь правядзе прэзентацыю еўрабондаў у Сінгапуры і Ганконгу. Арганізатарамі выпуску беларускіх еўрабондаў выступяць даччыныя структуры найбуйнейшых расійскіх дзяржбанкаў «ВТБ Капітал» і «Сбербанк КИБ». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Мінфіна Беларусі. Міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец раней заяўляў, што размяшчэнне адбудзецца, хутчэй за ўсё, на азіяцкім рынку, аб’ём складзе не менш за 500–600 мільёнаў долараў.
Па словах кіраўніка Нацбанка, у выпадку поспеху суверэнных еўрабондаў дэбютантам на гэтым рынку сярод беларускіх банкаў мог бы стаць найбуйнейшы дзяржаўны «Беларусбанк», які ўжо двойчы адкладваў размяшчэнне еўрааблігацый з-за фінансавага крызісу.
Кіраўнік Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова заявіла, што ў выпадку поспеху суверэнных еўрабондаў дэбютантам на гэтым рынку сярод беларускіх банкаў мог бы стаць найбуйнейшы дзяржаўны “Беларусбанк, які ўжо двойчы адкладваў размяшчэнне еўрааблігацый з-за фінансавага крызісу. «У 2013 годзе «Беларусбанк» будзе ў гэтым кірунку працаваць», — сказала Ермакова.
У ліпені 2010 года Беларусь размясціла ў Еўропе першы выпуск еўрабондаў на 600 мільёнаў долараў са стаўкай купона 8,75% гадавых і пагашэннем у 2015 годзе, у жніўні — даразмясціла дзяржаблігацыі яшчэ на 400 мільёнаў долараў, даходнасць па паперах склала 8,251% гадавых. У студзені 2011 года Беларусь размясціла сямігадовыя еўрабонды на 800 мільёнаў долараў пад 8,95% гадавых. Арганізатарамі здзелкі з’яўляліся расійскі «Ашчадбанк РФ», французскі «BNP Paribas», брытанскі RBS і германскі «Deutsche Bank». Пасля пад ціскам міжнародных праваабарончых арганізацый з сіндыката выйшлі тры заходнія банкі. Міжнародны валютны фонд (МВФ) вітаў планы беларускіх уладаў па размяшчэнні еўрабондаў, бо «гэта дазволіла б атрымаць дадатковае знешняе фінансаванне».
Застаецца адкрытым да канца года і пытанне выдачы Беларусі чарговага траншу крэдыту ў памеры 440 мільёнаў долараў з антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. «Мы 7 снежня едзем у Мінск, будзе пасяджэнне Антыкрызіснага фонду, будзем разглядаць пытанне», — сказаў міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў. Праўда, Сілуанаў адзначыў, што, паводле ацэнак Мінфіна РФ, не ўсе ўмовы для выдачы расійскага крэдыту Беларусь выканала.
Пагадненне паміж Беларуссю і Еўразійскім банкам развіцця (ЕАБР), які кіруе сродкамі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, па выдзяленні крэдыту на 3 мільярда долараў шасцю траншамі падпісана 9 чэрвеня 2011 года. Першы транш на 800 мільёнаў долараў ЕАБР пералічыў у Беларусь 21 чэрвеня 2011 года, яшчэ 440 мільёна долараў — у снежні 2011 года. У 2012 годзе Беларусь павінна была атрымаць два траншы па 440 мільёна долараў кожны. Трэці транш атрыманы ў чэрвені і быў залічаны ў золатавалютныя рэзервы краіны.
Не так даўно кіраўніцтва Беларусі прадэманстравала яшчэ адзін спосаб пошуку грошай: задняй датай быў уведзены збор за экспарт угнаенняў. Зроблена гэта з 1 студзеня па 31 ліпеня 2012 года. Указ № 530 ад 22 лістапада 2012 года прадугледжвае, што база для вылічэння збору — гэта аб’ём мінеральных або хімічных калійных угнаенняў у натуральным выражэнні, вывезеных за гэты перыяд. Збор выплачваецца па стаўцы 279,8 тысячы рублёў за тону угнаенняў.
Згодна з дакументам, плацельшчыкі збору — арганізацыі, якія рэалізуюць выключнае права знешняга гандлю (у частцы экспарту) мінеральнымі або хімічнымі калійнымі ўгнаеннямі і ажыццяўляюць іх вываз за межы краін Еўразійскай эканамічнай супольнасці, за выключэннем вывазу ў краіны, з якімі Беларусь заключыла міжнародныя дагаворы аб свабодным гандлі.
Збор выплачваецца штомесяц роўнымі часткамі да канца 2012 года не пазней за апошні працоўны дзень, пачынаючы з месяца афіцыйнага апублікавання ўказа. Пры гэтым ён распаўсюджвае сваё дзеянне менавіта на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня гэтага года.
Як адзначыў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ула­дзімір Сямашка, каментуючы гэты ўказ, у прадпрыемства, стопрацэнтным уласнікам якога з’яўляецца дзяржава, можна адбіраць звышпрыбыткі.
«Я не магу назваць лічбы, але нашы прадпрыемствы, як і многія прадпрыемствы калійнай галіны, працуюць з добрай рэнтабельнасцю. Ёсць цвярозыя эканамічныя разлікі, якія кажуць пра тое, што, каб весці бягучую дзейнасць, рэалізоўваць інвестыцыйныя праграмы, патрэбна пэўная сума, а ўсе астатняе пасля выплаты падаткаў і падатку на прыбытак дзяржава мае права канфіскаваць і накіраваць на іншыя неабходныя мэты», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер Беларусі.