Міжнародныя эксперты лічаць Расію большай пагрозай, чым Эбола

Расійска-украінскі канфлікт пагражае фінансаваму рынку больш, чым баявікі «Ісламскай дзяржавы» і ліхаманка Эбола.



fucking_little_green_men.jpg

Найбольшую пагрозу бяспецы для сусветнага фінансавага рынку ўяўляе Расія, яна ж галоўным чынам прайграе ад падзення коштаў на нафту, вынікае з апытання міжнародных інвестараў, складзенага Bloomberg Global Poll.
52% удзельнікаў апытання назвалі расійска-ўкраінскі канфлікт самым небяспечным для сусветнага фінансавага рынку фактарам. Для параўнання, «Ісламскую дзяржаву» такім лічаць 26% рэспандэнтаў, а распаўсюд ліхаманкі Эбола — 5%.
«Сітуацыя Расія-Украіна больш небяспечная, бо сярод нас ёсць суверэнная дзяржава, якая спрабуе ўзмацніць сваю ўладу, стварыўшы хаос і выкарыстоўваючы пагрозлівыя вайсковыя дзеянні», — заявіў кіраўнік па продажах актываў у банку Nordea ў Хельсінкі Майкл Сіманс.
Удзельнікі апытання лічаць, што ад нізкіх коштаў на нафту пацерпіць у першую чаргу Расія. Такога меркавання прытрымліваюцца 51% апытаных, 21% назвалі Венесуэлу, 12% — Саудаўскую Аравію, 6% — Іран.
Эксперты адзначаюць, што фінансаванне дзяржаўнага бюджэту і знешняга гандлю Расіі, як і іншых, больш дробных вытворцаў, залежаць ад коштаў на нафту. «Для блізкаўсходніх экспарцёраў нафты выгодны высокі кошт [на нафту], але яны могуць дазволіць сабе і больш нізкі», — заўважыў Фабіян Фрыч з Collineo Asset Management GmbH.
Меркаванні экспертаў па пытанні, якія краіны выйграюць ад таннай нафты, падзяліліся. 31% рэспандэнтаў назвалі ЗША, 18%  — Кітай, 15% — Японію. 11% апытаных лічаць, што танная нафта спрыяльна адаб'ецца на эканоміках Еўропы і Індыі.
Пры гэтым многія еўрапейскія інвестары лічаць, што краіны Старога свету і прамыслова развітыя азіяцкія дзяржавы больш выйграюць ад таннай нафты, чым ЗША. Злучаныя Штаты, хоць і адчуюць станоўчы эфект, але ў меншай ступені, чым краіны ЕС, таму што таксама з'яўляюцца буйным вытворцам нафты, адзначылі яны.
Bloomberg правёў апытанне сярод 510 сваіх падпісчыкаў — інвестараў, аналітыкаў і трэйдараў 11-12 лістапада, хібнасць складае плюс-мінус 4,3 адсоткавых пункта.
У гэтым годзе інвестары сутыкнуліся з серыяй геапалітычных крызісаў, сярод якіх баявыя дзеянні ў Усходняй Еўропе, пагроза ліхаманкі Эбола, а таксама тэрытарыяльныя спрэчкі паміж Кітаем і яго суседзямі. Рост ступені рызыкі для фінансавых рынкаў ад палітычнага і ваеннага гвалту заўважылі 46% рэспандэнтаў, 41% удзельнікаў апытання назвалі яго ўстойлівым, 13% бачаць зніжэнне.
РБК