«На пытанне, куды б схадзіць, сам сабе адказваеш: “Лепш дадому”»

Ужо амаль два гады ў Беларусі дзейнічае эмбарга на цэлы шэраг тавараў з «недружалюбных краін». Харчовае рашэнне, якое Саўмін РБ прыняў у снежні 2021-га, некалькі разоў падаўжалі, пералік краін павялічваўся, а спіс забароненых тавараў скарачаўся.

_krama_handal_pustyja_polki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

«Салідарнасць» распытала суайчыннікаў пра тое, як змяніўся асартымент крамаў: якіх «санкцыйных» тавараў адчувальна не хапае, якія зусім зніклі з гарызонту, як Nivea, Škoda і Liqui Moly (забарону на іх продаж урад падоўжыў да канца 2024 года), а што засталося, але значна падаражэла?

«Заходзіш у краму, а там ледзь не цэлы стэлаж застаўлены беларускім цукрам»

— Чаго не хапае? Шчыра кажучы, усяго патроху, — уздыхае Ірына (імёны ўсіх суразмоўцаў змененыя), якая жыве ў адным з райцэнтраў на Берасцейшчыне. — Бяда з імпартнымі лекамі — яны нібыта і не трапілі пад санкцыі, але чамусьці ў аптэках выбар цяпер значна бяднейшы, чым яшчэ год таму.

Украінскіх лекаў, лічы, няма, з БАДамі і вітамінамі праблемы, з імпартнымі прэпаратамі для дыябетыкаў, астматыкаў, сардэчнікаў.

Тое ж самае ў прадуктовых крамах: заходзіш у краму, нібыта тавараў шмат, а прыгледзішся — ледзь не цэлы стэлаж застаўлены беларускім цукрам. Затое трох розных вытворцаў — у асартыменце, так бы мовіць.

Ну і шакаладкі айчынныя, дарэшты сапсаваліся. Бываю ў Мінску, бачу, што там некаторыя імпартныя маркі шакаладу з'явіліся, хай і па больш высокай цане — але да нас у правінцыю яны не даязджаюць, як і добрая кава.

Раней былі недарагія замарожаныя гародніна і садавіна, у мяне мама любіць супы агароднінныя або пірагі рабіць, так закупляла і прывозіла, а цяпер польскіх марак амаль няма, а што ёсць у лядоўнях, жудасна дорага: шпінату пачак — 7 рублёў, вішні 400 грам — столькі ж, журавіны, вы толькі не падайце — больш 20 рублёў за кілаграм! І рыба стала «залатой», асабліва чырвоная, добра, калі на Новы год сабе дазволім.

Асобны боль — бытавая хімія. Муж раней наогул не заўважаў, чым карыстаецца, цяпер прызнаўся, што сумуе па ласьёну пасля галення Nivea. Асобна «забілі» кошты на дэзадаранты — яго Old Spice цяпер каштуе 18 рублёў! І замяніць асабліва няма чым, акрамя сумніўнага адэкалона «Саша».

А я заўважыла, як шмат стала ў продажы айчыннага і расійскага пральнага парашка, вадкасці для мыцця посуду — і ўсё гэта заканчваецца значна хутчэй, чым імпартныя сродкі, якіх ці не, ці занадта дорага.

У нас знаёмыя ездзяць у Польшчу, можна часам папрасіць прывезці бытавой хіміі, але ж кожны месяц не павязеш.

Глядзіце таксама

«Ні сыру няма, ні да сыру няма»

Мінчук Віталь кажа, што ён знаток смачнай і якаснай ежы, і праз беларускае прадуктовае эмбарга давялося ладна перагледзець свой рацыён:

— Вельмі прыкметна, што зніклі добрыя, якасныя імпартныя сыры — той жа «Джугас», «Ракішкіа», «Сваля», галандскі Маасдам і Гаўда, французскія, польскія і нямецкія камамбер і бры.

Беларускія вытворцы, дарэчы, ужо некалькі гадоў як вырабляюць аналагі элітных сыроў, але яны па смаку і якасці, падкрэслівае суразмоўца, і блізка не стаяць з арыгіналамі.

— Вы яшчэ беларускі хамон прапануеце, — сумна кажа Віталь. — Ляжыць у продажы хамон з Гродна, але як бракаваныя елачныя цацкі — не радуе. Зусім не іспанскі. Таму што можна проста ўзяць і напісаць на вэнджанай грудзінцы «хамон», а на бутэльках Мінскага завода пеністых вінаў — «шампанскае», але прадукт ад гэтага сапраўдным не стане. Так што, на жаль, ні сыру няма, ні да сыру няма.

Акрамя таго, працягвае мужчына, яго сям'я сумуе па іспанскіх апельсінах і хурме, галандскай папрыцы, швейцарскаму, а не падробленаму, шакаладу.

— І яшчэ тыя, хто карыстаўся імпартнымі лекамі, вітамінамі і БАДамі, таксама адчулі рэзкае звужэнне асартыменту. Справа нават не ў кошце — некаторых відаў проста няма! Хоць, напрыклад, мая цешча, якой выпісваюць у паліклініцы рэцэпты на льготныя беларускія лекі, запэўнівае, што ўсё ў аптэках добра.

Роўна такая ж гісторыя з ветэрынарнымі прэпаратамі і кармамі для жывёл — знаёмыя ў пачатку восені праз трэція рукі заказвалі імпартную вакцыну праз Польшчу.

Асобны квэст, кажа Віталь, праходзяць уладальнікі аўто. Тым, хто ездзіць не на «кітайцах» і «Ладах», а на «еўрапейцах» і «амерыканцах», за арыгінальнымі запчасткамі даводзіцца нямала пабегаць — або заказваць праз пасярэднікаў і чакаць, прычым у працэсе кошт пытання нярэдка ўзрастае.

Глядзіце таксама

«Спортінвентару ў наяўнасці няшмат, а тое, што ёсць, часта па цане крыла самалёта»

— Дрэнна з бытавой тэхнікай, ад лядоўняў да смартфонаў, — амаль не раздумваючы, адказвае яшчэ адзін мінчук, Аляксей. — Быў перыяд, калі ў крамах тыпу «5 элемента» і кіёсках на радыёрынку, здавалася, наогул нічога, акрамя кітайскіх незразумелых марак, не засталося. Дый цяпер, калі хочацца чагосьці больш якаснага і даўгавечнага, чым «Гарызонт» у гасціную або «Aresa» ад Белвар на кухню, прыйдзецца пашукаць — і заплаціць.

Яшчэ стала значна менш выбару ў сегменце тавараў для дома і саду. У мяне абодва дзіцяці займаюцца ў спартыўных секцыях, ды і я сам захапляюся лыжамі і веласпортам, так што выразна заўважыў праблемы з нармальным спортінвентаром: у наяўнасці не шмат, а тое, што ёсць, часта па цане крыла самалёта.

Ну і як спартыўны заўзятар са стажам, я любіў хадзіць у бары паглядзець цікавыя трансляцыі за бутэлечкай піва — цяпер англійскага і ірландскага піва, па маіх назіраннях, няма наогул, у прынцыпе ў мінскіх барах застаўся вельмі абмежаваны асартымент з беларускіх і крыху нямецкіх марак.

Разумею, што для многіх гэтыя праблемы — не праблемы зусім, ёсць у крамах «баршчавы набор», чарка і скварка — і добра, не прывыкалі жыць добра, і пачынаць не варта. Але вось для тых, хто патрошку прывыкаў, каму хацелася бачыць Беларусь сапраўды еўрапейскай, цяпер адчуем адкат назад, у савецкі дэфіцыт і пошук усяго патрэбнага «па блаце».

Глядзіце таксама

«Цяпер у нашым палацы культуры — у лепшым выпадку шансанье Артур Рудэнка, а ў Мінску — Кіркораў»

А вось Юля з Маладзечна прызналася, што да матэрыяльных санкцыйных абмежаванняў ставіцца даволі спакойна. Не хапае дзяўчыне зусім іншага:

— Харчовае эмбарга, пластыкавы беларускі шакалад замест нямецкага, «Беллегпрам» замест зручнага і недарагога заходняга масмаркета, кітайская тэхніка — гэта некамфортна, але ператрываць можна, неяк прыстасоўваешся. А вось калі змянілася незваротна сама гарадская атмасфера, калі ўсюды дакучлівая рэклама «адзінства» і «генацыду», на пытанне, куды б схадзіць, сам сабе адказваеш: «Лепш дадому», — вось гэта для мяне невыносна.

Маладзечна раней было не тое, каб проста другой культурнай сталіцай, але ў нас праходзіла шмат цікавых мерапрыемстваў, канцэртаў, нейкая дзвіжуха, ды і да Мінска нескладана даехаць, калі нейкая «зорка» прыязджала.

Божа, я памятаю часы, калі ў Беларусі выступалі Rammstein, Стынг і сэр Элтан Джон! А цяпер у нашым палацы культуры — у лепшым выпадку шансанье Артур Рудэнка, а ў Мінску — Кіркораў або састарэлыя расійскія артысты другога эшалона.

Адзін мой любімы мінскі клуб зачыніўся яшчэ два гады таму, у другім замест канцэртаў цяпер праводзяць «дыскатэкі нулявых і 2010-х», каб неяк выжыць.

Апошні вялікі класны фестываль, на якім удалося пабываць — «Рок за Баброў», — быў яшчэ да кавіду, а потым тры гады запар яго пераносілі, і цяпер зноў перанеслі на 2024-ты, толькі ўжо слаба верыцца.

Я разумею, што зноў не адбудзецца канцэрт J:MOPC на 14 лютага, што няма на каго ісці глядзець у Купалаўскім, і што невядома, калі атрымаецца паслухаць ужывую любімых Naviband — шэнгенскай візы ў мяне няма, а іх у Беларусі зразумела, што чакае. Слухаю нешта ў Інтэрнэце, але гэта не тое.

І ўжо зусім дакладна мяне не задавальняе «замена» ў выглядзе сясцёр Груздзевых, або Аляхно, «Драздоў», хто там яшчэ жывы на беларускай сцэне застаўся.

Можа быць, урад і саміх артыстаў і радуе такое культурнае «імпартазамяшчэнне», а вось беларусаў проста не спыталі. Ад гэтага вельмі горка, таму што смачны шакалад або добры пральны парашок я магу папрасіць у сяброў прывезці, а тыя эмоцыі, якія атрымліваеш на жывым канцэрце — не.