Народ зноў трымаюць за дурняў

Апошнімі днямі, асабліва пасля “чорнага аўторка” ў Расіі, у абменных пунктах беларускіх як дзяржаўных, гэтак і камерцыйных банкаў можна было заўважыць чэргі, ад якім мы было ўжо адвыклі за апошнія тры-чатыры гады.



zolotovalyutnyie_rezervyi_rb.jpg

Фота ww.belta.by

І чэргі гэтыя звязаныя не з камунальнымі выплатамі (што звычайна характэрна 20-25 дня кожнага месяца), але з патугамі электарату набыць наяўную валюту. Дзяржава ж, аднак, таксама не пальцам робленая. І знайшла выйсце, каб і рыбку з’есці, і цнатлівасць не страціць.

Убачыўшы за апошнія дні, што “народзец” зноўку рынуўся ў абменнікі (падзеі ў Расіі і абвал тамтэйшай валюты не засталіся па-за ўвагаю беларусаў), а абменныя пункты не ў стане задаволіць попыт электарату на долары ды еўра (за расійскую ж валюту цяпер, калі перафразаваць класіка, яшчэ ўчора давалі хоць штосьці, а сёння — у пысу), нашыя ўладатрымальнікі з фінансавага лагера прыйшлі да цудоўнага рашэння. З аднаго боку, уладар краіны загадаў, каб ніякай дэвальвацыі беларускага рубля не было. З іншага боку, словы чыноўнікаў рознага ўзроўню ў Беларусі ўжо ўспрымаюцца беларусамі з высновай — а ну вас на… карацей, у Маскву.

То бок, чыноўнікі таксама не з капусты вылезлі, і не бусел іх раптоўна ў палёце абраніў на грэшную Сінявокую. Таму і знайшлі яны выйсце, ад якога ажно дыхла займае.

Усё геніяльнае, як той казаў, проста. Вось такое простае рашэнне, каб выратаваць валютны рынак (калі толькі той існуе), і прынялі нашы фінансавыя ўлады ў асобе Нацбанка і эканамічныя ўлады ў выглядзе ўраду. Сумняваюся, каб гэтае рашэнне, пра якое гаворка пойдзе далей, было прынята толькі нейкай асобнай структурай і, барані Божа, без ведама дзяржаўнае асобы нумар адзін.

Дык вось. Цытую Нацбанк: “З улікам узросшага попыту на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку прынята рашэнне пра часовае ўвядзенне 30-працэнтнага збору пры куплі валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Прадпрыемствы і банкі будуць сплачваць дадзены збор пры куплі валюты на біржы, грамадзяне — у выглядзе камісіі пры куплі ў банках. Выплачаныя сродкі пойдуць у бюджэт”. Пры гэтым Нацбанк заяўляе, што падыходы да курсаўтварэння на ўнутраным валютным рынку застануцца нязменнымі. І загад кіраўніка дзяржавы выкананы (пра немагчымасць дэвальвацыі), і продаж валюты можа быць абмежаваны з прычыны таго, што хто ж яе з такой камісіяй набываць будзе.

У дадзеным выпадку нават не трэба звяртацца па каментары да эканамістаў. Відавочна наступнае:

Па-першае, такім чынам рэгулятар фактычна праводзіць 30-працэнтную дэвальвацыю айчыннага рубля, прыкрываючы яе словамі збор” альбо “камісія”. Сутнасці справы гэтая вербальная эквілібрыстыка не мяняе.

Па-другое, фактычна выплывае афіцыйна замацаваная розніца курсаў (купля і продаж будуць адрознівацца сама мала на 30%). Якія наступствы гэтага ? Тое ж, што было пры канцы 90-х, а таксама ў 2009 і 2011 гадах — адраджэнне інстытуту валютчыкаў, што можа яшчэ горай адбіцца на беларускай фінансавай сістэме і крымінагеннай сітуацыі.

Па-трэцяе, такі крок пацягне за сабою новы рост недаверу насельніцтва да айчыннай фінансавай сістэмы. Толькі-толькі афіцыйны лідар сказаў, што ніякай дэвальвацыі нацыянальнай валюты не будзе, як Нацбанк фактычна (хоць і нефармальна) дэвальваваў наш рубель на 30%. І хай ён аспрэчыць аўтара гэтых радкоў! Хоць, як кажуць у рэгулятары, увядзенне камісіі і збораў — мера часовая. Але ў нашай краіне няма нічога больш пастаяннага, як часовыя захады.  

Па-чацвёртае. Ужо ў пятніцу можна было назіраць ужо не раз’юшанасць, але разгубленасць на тварах тых, хто хацеў набыць валюту. Заробкі, як і пенсіі, амаль не павялічваюцца, а банкаўская сістэма робіць такія вось выкрутасы з працэдураю набыцця народам валюты.

Кожная нервовая сістэма мае свае абмежаванні. Баюся, што нават нервовая сістэма беларуса можа не вытрываць такіх сюрпрызаў ад улады. Асабліва пасля ўпэўненых выказванняў бяззменнага кіраўніка дзяржавы, якому пакуль яшчэ верыць вялікая колькасць ягоных “падданых”.

Вось вам яшчэ адзін падарунак да Новага году, шаноўныя суайчыннікі. І нешта мне падказвае, што ён — не апошні.