500 ці 370? Эканаміст Яраслаў Раманчук распавёў пра «пастку беднасці», куды трапіла беларуская мадэль

Колькі ў рэальнасці атрымліваюць беларусы, і чаго чакаць ад нашых даходаў у 2022 годзе? Эканаміст Яраслаў Раманчук разабраў галоўныя прапагандысцкія штампы аб заробку «па пяцьсот». У якасці доказу ён узяў дадзеныя Белстат па намінальным зарплаце.

ww08.jpg

— На пытанне, колькі мы зарабляем, улады заяўляюць: «па пяцьсот». Кажуць: паводле вынікаў года атрымалася амаль 1500 рублёў, а раней было значна менш, таму беларусы ў 2021 годзе сталі багацейшымі, — цытуе Яраслава Раманчука «Салідарнасць» са спасылкай на перадачу «Эканоміка здаровага сэнсу». — Але намінальная, гэта не значыць налічаная, таму што ёсць і даўгі па зарплаце, ёсць і частка насельніцтва, якая атрымлівае шмат, як айцішнікі, авіядыспетчары, фінансавыя работнікі. Натуральна, яны павялічваюць сярэднюю зарплату.

Таму, лічыць эканаміст, бліжэй да рэальнасці будзе медыянны заробак, які па дадзеных Белстата за лістапад склаў 1096 рублёў.

— Гэта значыць, ён апынуўся амаль на 26% ніжэй, чым тая зарплата, якая, як нам кажуць, налічана. 26%! — падкрэслівае эксперт. — Але гэта яшчэ не ўся гісторыя. Для таго, каб разумець, колькі грошай у кішэні прыносіць беларус дадому «чыстымі», гэты медыянны заробак трэба яшчэ ачысціць ад падаткаў, ад абавязковых плацяжоў. І атрымліваецца 370 даляраў. Параўнайце гэтую лічбу з 580 далярамі, пра якія нам кажуць. Адчуваеце розніцу?

Пражыць на гэтыя грошы вельмі складана, асабліва калі ў сям'і ёсць яшчэ двое-трое дзяцей. Тым больш пры росце коштаў, калі 40% даходаў сыходзіць на прадукты, плюс сувязь, паслугі ЖКГ, ахова здароўя. Эканаміст звяртае ўвагу, што тыя ж еўрапейцы выдаткоўваюць на харчаванне 12-13% сваіх выдаткаў.

— І паўстае пытанне: а дзе зберажэнні беларусаў? Што такое 370 даляраў у параўнанні з польскай тысячай, з еўрапейскімі двума тысячамі ці іншымі краінамі, дзе ёсць нармальны рынак, нармальная палітычная канкурэнцыя? — задаецца пытаннем Яраслаў Раманчук.

Калі мы гаворым пра тую ці іншую эканамічную мадэль, мы павінны задаваць пытанне: а што ад таго капіталізму, сацыялізму ці яшчэ якога-небудзь «ізма» мае канкрэтны чалавек? І адным з самых цэнтральных паказчыкаў з'яўляецца зарплата. Калі ў яго даход 370 даляраў у кішэню, то аб якім развіцці можа ісці гаворка? Гэта і ёсць пастка беднасці, куды трапіла беларуская мадэль.

Эканаміст заклікаў беларусаў не слухаць прапагандысцкія фэйкі аб росце заробкаў.

— Эканамічная пісьменнасць і патрэбна для таго, каб не весціся на гэтую прапагандысцкую локшыну, гэтыя абяцанні дабрабыту, на гэтыя «дагонім і перагонім Захад», — адзначае Яраслаў Раманчук. — І калі пенсіянеры або электарат, які лічыць, што стабільнасць — перш за ўсё, то наша стабільнасць вядзе нас бліжэй за ўсё да тых стандартаў, ад якіх так старанна пазбаўляліся ў канцы 80-х, у часы загніваючага Савецкага Саюза. СССР не змог забяспечыць ні прадуктамі харчавання, ні высокімі тэхналогіямі. Гэта проста была такая сістэма, якая зжэрла сама сябе. Беларуская сістэма таксама з'ядае сама сябе.

Эканаміст нагадвае, што 2021 год быў досыць паспяховым.

— Не таму, што беларускія ўлады выконвалі нейкія паспяховыя планы, а таму што пашанцавала. Але нават з такім шанцаваннем 370 даляраў заробку ў кішэні — гэта столь.

Па словах эксперта, для таго каб даходы раслі, каб цэны былі стабільнымі, неабходна развіццё прыватнай рынкавай эканомікі, неабходная народная дэмакратыя, а не царства дзяржаўных канцэрнаў, прадпрыемстваў, карпарацый і дзяржаўных банкаў.

На думку эканаміста, у 2022 годзе нават намінальны заробак будзе вельмі складана павышаць.

— І гэтыя 370 даляраў могуць ператварыцца ў 300, — прагназуе эксперт. — А калі мы бярэм даходы пенсіянераў, якія не перавышаюць 200 даляраў (а з іх яшчэ трэба заплаціць падаткі), то вельмі хутка мы прыходзім да зоны беднасці. Зоне, дзе 70-80% даходаў ідзе на стол, на халадзільнік. Мы ў стане стагнацыі, мы чакаем, мы спадзяемся на цуд, спадзяемся хто на ўсход, хто на захад, хто на сваякоў, дзяцей, унукаў, якім пашанцуе, і яны дашлюць дадатковыя сродкі, спадзяемся на закаткі.

27 гадоў адна мадэль, адзін кіраўнік. І адно прыніжэньне эканомікі. Гэта і ёсць тая непрыемная выснова, якую мы робім з аднаго параметру даходаў і заробкаў у нашай краіне.

На думку эканаміста, Беларусь сёння ідзе па шляху ўзнаўлення ўсіх балячак, усіх дэфектаў савецкай эканомікі.

— Таму даходы і заробкі ў 2022 годзе будуць скарачацца і падаць, падаткі ўжо выраслі, кошты будуць расці. Рыхтуйцеся да гэтага, сябры, заціскайце паясы, думайце, на чым можна зэканоміць. Але самае галоўнае — думайце, як можна жыць інакш! — падагульняе Яраслаў Раманчук.