Павел Усаў: Беларусь робіцца бензакалонкай для суседніх краін

Палітолаг Павел Усаў прапанаваў свой варыянт, нашто Беларусь увяла дзіўны бязвіз на месяц для Літвы і Латвіі. І тут — ніякай палітыкі, выключна бізнес.

Пра гэта Павел Усаў напісаў у сваім тэлеграм-канале:

“Магчыма, што адна з мэтаў беларускага "бязвізу" для Латвіі і Літвы, — гэта ператварэнне Беларусі ў свайго роду бензакалонку для грамадзян суседніх краін. (Розніца ў кошце паліва 1 еўра за літр). Гэта можа стаць добрай прынадай. А ва ўмовах эканамічнага ўціску і санкцый усе сродкі добрыя”.

Нагадаем, грамадзянам Латвіі і Літвы віза для наведвання Беларусі не спатрэбіцца з 15 красавіка. «Бязвіз» уведзены на месяц.

Між тым, учора МЗС Латвіі заклікала сваіх грамадзян не наведваць Беларусь, нягледзячы на аб'яўлены Мінскам «бязвіз». Знешнепалітычнае ведамства нагадвае пра «значныя рызыкі», з якімі звязаныя паездкі ў краіну. Таксама МЗС Латвіі звяртае ўвагу на актыўнасць спецслужбаў Беларусі і Расіі, якія вярбуюць грамадзян суседніх краін. Таму для тых, хто вырашыць «бязвізам», «існуе сур'ёзная рызыка» стаць аб'ектамі вярбоўкі альбо правакацый, адзначае МЗС Латвіі. Дапускаецца, што беларускія сілавікі могуць прыдумаць нейкае парушэнне і абвінаваціць у ім замежніка, каб адправіць яго за краты. А магчымасці МЗС Латвіі па аказанні дапамогі сваім грамадзянам у той жа РБ вельмі абмежаваныя.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: