Літва: Беларусь і Расія зноў могуць звярнуцца да нелегальнай міграцыі ў якасці зброі

Кіраўнік памежнай службы Літвы Рустам Любаеў лічыць, што Расія можа ініцыяваць гібрыдную атаку супраць ЕС на працягу ўсёй мяжы з выкарыстаннем мігрантаў, як гэта рабіў у мінулым годзе Лукашэнка.

mihranty_3_1.jpg


«Цалкам верагодна, што Расійская Федэрацыя таксама магла б увесці гібрыдныя захады супраць ЕС у кантэксце або на фоне такіх нябачаных санкцый. Не толькі супраць Літвы — я кажу зараз пра ўсю нашую ўсходнюю знешнюю мяжу ЕС ад Нарвегіі да Славакіі ці Польшчы. Гэта адзін з варыянтаў, калі Расія можа распачаць дзеянні, падобныя беларускаму рэжыму ў мінулым годзе, каб паўплываць на прынцыповую пазіцыю краін ЕС», — цытуе літоўскага чыноўніка REFORM.by са спасылкай на BNS.

Паводле ягоных слоў, мігранты, якіх літоўскія памежнікі затрымліваюць на мяжы, ужо прыбываюць у Беларусь не наўпрост, а праз Турцыю ці Расію. Любаеў лічыць, што па меры пашырэння санкцый Беларусь і Расія зноў могуць звярнуцца да выкарыстання нелегальнай міграцыі ў якасці зброі.