Расія будзе шантажаваць Беларусь пастаўкамі нафты
Урад Расіі падрыхтаваў ліст беларускаму боку пра нежаданне ўзгадняць павелічэнне паставак нафты на беларускія НПЗ у трэцім і чацвёртым кварталах 2013 года. Прычына гэтага — у невыкананні Мінскам умоў па вяртанні ўзгодненага аб'ёму нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты, а таксама ў зацягванні рэалізацыі сумесных інтэграцыйных праектаў.
У прыватнасці, "нафтавы ўльтыматум" Расіі датычыць зацягвання стварэння сумеснага прадпрыемства паміж расійскім КамАЗам і беларускім МАЗам, продажу "Гродна Азота", Мінскага завода колавых цягачоў і гэтак далей, паведамляюць "Вести" са спасылкай на крыніцу ў расійскім урадзе.
"Лукашэнка ўвесь час набівае цану, але на свае заявы аб тым, што ён нічога не аддасць і не прадасць, ён выкліча рэакцыю ў адказ з боку Расіі", — заявіў у сваю чаргу гендырэктар Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Расіі Канстанцін Сіманаў, адзначыўшы, што рана ці позна пытанне з прыватызацыяй беларускіх актываў Расія вырашыць.
Як паведамляў “Тэлеграф”, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 красавіка ў сваім штогадовым пасланні да народа, кажучы аб праблемах прыватызацыі, заявіў, што таргі па продажы кантрольных пакетаў акцый буйных беларускіх прадпрыемстваў павінны праходзіць адкрыта, а не "ў кулуарах".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён заўсёды высвятляе ў патэнцыйных пакупнікоў, што яны могуць прапанаваць беларускай эканоміцы, што атрымае беларускі народ ад аб'яднання МАЗа з КАМАЗам, бо часам аказваецца, што некаторыя "замежныя інвестары хочуць разваліць МАЗ, каб не было канкурэнцыі".