Siemens ліквідуе бізнес у Беларусі

Кампанія Siemens сыходзіць з Беларусі і ліквідуе мясцовае прадстаўніцтва, якое займалася пастаўкамі абсталявання і машын.

_szljah___daroha___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___2_.jpg

ТАА «Сіменс Энергетыка», якое з'яўлялася афіцыйным прадстаўніком нямецкага канцэрна Siemens AG у Беларусі, знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі з лістапада. Пра гэта паведамляе Office Life.

«З 10 лістапада гэтага года было прынята рашэнне аб ліквідацыі. Гэта значыць Siemens AG сыходзіць з беларускага рынку», — паведамілі ў офісе.

Прадстаўніцтва займалася пастаўкамі машын і абсталявання пераважна для патрэб энергетычнай галіны Беларусі, а таксама вывучэннем кан'юнктуры рынку і грамадскай думкі. У кампаніі не ўдакладнілі, хто цяпер будзе абслугоўваць абсталяванне Siemens у Беларусі.

Раней Siemens прадала ўвесь свой бізнес у Расіі.


Варта згадаць, што амаль паўтара гады таму кампанія заявіла, што не перастане пастаўляць абсталяванне ў Беларусь — нягледзячы на санкцыі, якія былі ўведзены супраць беларускага рэжыму пасля выбараў 2020 года. Тады Siemens заявіў, што яго абсталяванне «прыносіць карысць беларускаму народу» і проста так разарваць кантракты нельга.

Падобна на тое, што вайна прымусіла Siemens змяніць рашэнне — у лістападзе кампанія прадала свой бізнес у Расіі.

Варта таксама згадаць і пра скандал з кампаніяй у Беларусі ўвесну 2021 года, пасля расследавання шведскіх журналістаў. Пасаду аперацыйнага дырэктара (COO) «Siemens Energy LLC, Belarus» тады займаў Сяргей Уладзіміравіч Шышко. «Засталося дадаць, што COO (аперацыйны дырэктар, другі чалавек у фірме) "Siemens Energy LLC, Belarus" — так цяпер называецца "Siemens Industrial Turbomachinery" — гэта Сяргей Уладзіміравіч Шышко, сын экс-гендырэктара РУП "Брэстэнерга" Уладзіміра Міхайлавіча Шышко і брат Аляксандры Баскавай (Шышко), чый муж Дзмітрый Баскаў вядомы зразумела чым і блізкі вядома з кім», — пісаў адзін з падпісчыкаў тэлеграм-канала «Эканоміка».

Паводле officelife.media.