СМІ: дамова аб перавалцы беларускіх грузаў праз расійскія парты пад пагрозай зрыву
Улады Беларусі баяцца заключаць дамову аб перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў праз расійскія парты. Пра гэта паведаміла крыніца з беларускага боку.
Праблему беларускі бок бачыць у расійскіх кампаніях, якія не хочуць заключаць пакетнае пагадненне ў рамках дамовы паміж міністэрствамі транспарту Беларусі і Расіі, распавядае REFORM.by са спасылкай на расійскае агенцтва «Інтэрфакс».
«Падпісанне пагаднення знаходзіцца пад пагрозай зрыву праз расійскія кампаніі, якія спрабуюць ухіліцца ад пакетнага фармату ўгоды. Праблема ў тым, што без сінхроннага падпісання пагаднення і кантрактаў з аператарамі ўсе дамоўленасці ў гэтай сферы банальна трансфармуюцца ў аднабаковую форму абавязацельстваў з беларускага боку», — сказала крыніца.
16 лютага стала вядома, што Лукашэнка адобрыў праект пагаднення з Расіяй аб арганізацыі супрацоўніцтва ў галіне перавозкі і перавалкі нафтапрадуктаў з Беларусі праз парты Расіі. Гаворка ідзе пра грузы, прызначаныя для экспарту ў трэція краіны. Праект быў ухвалены ў якасці асновы для правядзення перамоў. Раней праект пагаднення атрымаў адабрэнне ўрада Расіі. Расійскі Мінтранс нават заявіў, што яно будзе падпісана 15 лютага, аднак беларускі бок абверг гэтую інфармацыю.