Навальнага ў СІЗА паставілі на ўлік як схільнага да ўцёкаў
Адміністрацыя СІЗА №1 паставіла Аляксея Навальнага на прафілактычны ўлік як схільнага да ўцёкаў. Пра гэта палітык напісаў у сваім Instagram.
— Сяджу ў камеры, нікога не чапаю. Ем свой абед у скрыначцы з надпісам «Філе рыбы ў кляры. Халяль». Гляджу рэпартаж пра тое, што Еўрапейскі суд пастанавіў мяне выпусціць.
Заходзяць ахоўнікі і вядуць мяне ў пакой на другім паверсе. Там трое: капітан, падпалкоўнік і палкоўнік.
— У нас пасяджэнне прафілактычнай камісіі. Вырашана паставіць вас на прафілактычны ўлік як схільнага да ўцёкаў.
Навальны піша, што яму далі падпісаць адпаведныя паперы.
—Так ці інакш, зараз я «схільны да ўцёкаў». Мяне і раней вазілі не проста канвоем, а яшчэ і са спецназаўцамі ў касках і з аўтаматамі. Цяпер, напэўна, у кайданах будуць.
Навальны, нагадаем, знаходзіцца ў СІЗА «Матроская цішыня». 2 лютага суд прыняў рашэнне замяніць палітыку ўмоўны тэрмін на рэальны. Таксама цяпер суд разглядае справу ў дачыненні да Аляксея Навальнага па абвінавачанні ў паклёпе на 94-гадовага ветэрана.
tut.by