Еўрасаюз не разумее стратэгіі Расіі наконт вакцыны «Спутник V»
ЕС здзіўляецца, чаму Расія прапануе іншым краінам мільёны доз вакцыны «Спутник V», хоць пры гэтым не дасягнула дастатковага прагрэсу ў вакцынацыі ўласнага насельніцтва, паведамляе www.dw.com.

Расійская вакцына «Спутник V»
Стратэгія Расіі па вакцынацыі ад COVID-19 выклікае здзіўленне. Так заявіла старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен. «Мы дагэтуль здзіўляемся, чаму тэарэтычна Расія прапануе іншым краінам мільёны доз (расійскай вакцыны «Спутник V». — Рэд.), але пры гэтым не дасягнула дастатковага прагрэсу ў вакцынацыі ўласнага насельніцтва», — патлумачыла фон дэр Ляен падчас выступу ў Бруселі ў сераду, 17 лютага.
«Гэта пытанне, на якое павінен быць дадзены адказ», — падкрэсліла старшыня Еўракамісіі. Яна нагадала, што Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) яшчэ не атрымлівала заяўку на рэгістрацыю «Спутник V», і для яе падачы неабходна прадаставіць «поўны пакет дадзеных».
Раней EMA паведаміла, што давалі расійскім распрацоўнікам навуковыя кансультацыі і застаюцца ў дыялогу з імі, каб «вызначыць далейшыя крокі». У сваю чаргу, стваральнікі «Спутник V» сцвярджаюць, што падалі заяўку на рэгістрацыю вакцыны.