Лёс Беларусі вырашаецца ў вайне паміж Украінай і Расіяй

Вайна Украіны з Расіяй, якая вядзецца на тэрыторыі першай, часта ўспрымаецца беларусамі як нешта далёкае, як тое, што ўвогуле не тычыцца іх краіны. Ад многіх нават можна пачуць, што «ўкраінцы самі вінаватыя ў тым, што Пуцін на іх напаў», «справакавалі яго». Нават некаторыя ўкраінцы пра вайну часам забываюць, быццам яе і няма зусім. Але на самой справе яна важная не толькі для самой Украіны і яе сучаснасці, але і для будучыні незалежнай Беларусі.

naviny.belsat.eu

naviny.belsat.eu

З-за таго, што мы знаходзімся ў самім гістарычным працэсе, мы не адчуваем палітычнай значнасці гэтых падзей. Не маем магчымасці ўбачыць гэтую вайну з боку, праз прызму гісторыі. Беларусы гэта зразумеюць у поўнай меры, калі яна скончыцца, калі, азірнуўшыся назад, можна будзе раскласці падзеі, што адбываюцца цяпер на тэрыторыі Украіны, па малекулах. Тады і прыйдзе абсалютнае ўсведамленне палітычнай значнасці гэтага.
На Данбасе з 2014 года адбываецца, можна сказаць, бітва паміж двума геапалітычнымі полюсамі — «заходняга свету» супраць «рускага свету». У найбліжэйшай будучыні гэтую вайну чакае другі віток, і, без сумненняў, Расія разлічвае на тэрыторыю Беларусі ў выглядзе «Саюзнай дзяржавы» як на новы плацдарм для нападу на Украіну.
Адначасова з гэтым ад шматлікіх жыхароў Беларусі часта даводзіцца чуць фразу: «Мы не супраць Захаду і Усходу, мы нейтральныя. Мы проста хочам іншую ўладу і выбары». Але справа ў тым, што сёння свет не з'яўляецца аднапалярным: ёсць два полюсы, ёсць два шляхі развіцця, і, як напісана вышэй, яны вядуць між сабой зараз барацьбу. А на нас гэта ўплывае прамым чынам, бо, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, пры біпалярным раскладзе на геапалітычнай мапе свету, нельга застацца нейтральнымі, гэта проста немагчыма.
Нядаўна намеснік кіраўніка бяспекі РФ Мядзведзеў заявіў, што «інтэграцыя з Беларуссю павінна працягнуцца», бо «няма ніякай альтэрнатывы». І вачыма Крамля гэта ўсё менавіта так і бачыцца — адсутнасць альтэрнатывы для саміх беларусаў. Гэта якраз звязана з тым, што беларусы не абазначылі свой шлях развіцця ў час пратэстаў: Захад ці Усход? Калі краіна, знаходзячыся паміж дзвюх геапалітычных сіл, кажа, што яна нейтральная, то яна рызыкуе трапіць пад поўны кантроль больш агрэсіўнага полюса. Больш за тое, афіцыйная апазіцыя паказала сваімі дзеяннямі, што гатовая супрацоўнічаць з Пуціным. Логіка Расіі ў гэтым такая: Беларусь і без Лукашэнкі застанецца ў зоне нашага ўплыву, бо нават апазіцыя з намі хацела б мець зносіны, таму інтэграцыя — безальтэрнатыўны лёс Беларусі.
Але, я ўпэўнены, у будучыні беларусы зразумеюць, што лёс Беларусі наўпрост залежыць ад вайны паміж Украінай і Расіяй, бо ў ёй наш паўднёвы сусед адстойвае праеўрапейскія ідэі, за якія заўсёды вялі барацьбу нашы продкі, прытым з аналагічным ворагам. І, як пісалі ў «Мужыцкай праўдзе», зноў жа, слаўныя продкі сучасных беларусаў: «Калі будзе вайна з маскалём за нашу вольнасць, то ў той жа час трэба ісці на вайну супраць маскаля».