Міністэрства аховы здароўя распавяло, колькі медыкаў атрымалі вакцыну ад COVID-19
Міністэрства аховы здароўя заявіла, што завяршыла вакцынацыю медработнікаў Беларусі першай дозай расійскай вакцыны супраць каранавіруса «Спутник V».
Першымі былі вакцынаваныя медработнікі, якія знаходзіліся ў зоне рызыкі. Міністэрства аховы здароўя размеркавала вакцыну па рэгіёнах — у залежнасці ад заявак устаноў аховы здароўя. Усе пытанні захавання халадовага ланцуга былі адпрацаваныя загадзя, паведамляе TUT.BY.
У Брэсцкай вобласці прышчэпленыя 3460 чалавек, у Віцебскай — 3950, у Гомельскай — 5495, Гродзенскай — 1795, у Мінскай — 2324, у Магілёўскай — 1635, у Мінску — 2285. Усяго — каля 21 тысячы чалавек.
Паводле дадзеных Белстата, у 2019 годзе ў краіне было 182 тысячы лекараў і сярэдніх медыцынскіх работнікаў, што азначае, што вакцынавана было каля 12% лекараў.
Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, вакцынацыю прайшлі тыя медработнікі, якім гэта было дазволена па стане здароўя. Таксама завершаны працэс вакцынацыі работнікаў устаноў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях.