Спыненая праца дзвюх літоўскіх мэблевых фабрык у Беларусі.
Літоўскія групы кампаній "SBA" і "Vakaru medienos grupe" (VMG) паведамілі, што спынілі працу сваіх мэблевых фабрык у Беларусі.
Паводле інфармацыі interfax.ru, VMG спыніла працу прадпрыемства ў свабоднай эканамічнай зоне Магілёўскай вобласці. Гаворка ідзе пра фабрыку VMG Industry, дзе выраблялі драўняна-стружкавыя пліты, мэблю і дэталі з клеенай драўніны.
У VMG таксама ёсць у Беларусі даччыная "VMG Industry Group", лесапільнае прадпрыемства "SWOODS export" і завод "VMG WoodArt", які размешчаны ў Віцебскай СЭЗ і займаецца вытворчасцю мэблі з масіва дрэва. Аб планах літоўскіх уладальнікаў адносна гэтых кампаній пакуль нічога невядома.
У сваю чаргу, літоўская група "SBA" спыніць на нявызначаны час фабрыку па вытворчасці мэблі "Mebelain" у Магілёве. Віцэ-прэзідэнт групы Эгідыюс Валенцінавічус выказаў надзею, што "з часам уся сітуацыя вырашыцца ў станоўчым напрамку".
Нагадаем, учора стала вядома, што нідэрландская група кампаній "IKEA", якая закупляла мэблю ў "SBA" і "VMG", часова прыпыняе сваю дзейнасць у Беларусі, а таксама ў РФ. У афіцыйнай заяве "IKEA" патлумачыла рашэнне паставіць бізнес на паўзу тым, што ваенныя дзеянні Расіі ва Украіне прывялі да сур'ёзных парушэнняў у лагістыцы паставак і ў гандлёвых умовах.