Тэлеграм-канал дыяспары: Ва Украіне заблакавалі рахункі кампаніі «Амкадор»

Як паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі дом ва Украіне» 9 лютага «нечакана для ўсіх» заблакавалі рахункі кампаніі «Амкадор» ва Украіне. У гэты дзень грошы павінны былі быць адпраўленыя Беларусь.

1583222888_14852271945e5e106896b7d3.12618824.jpg


«У банку нічым дапамагчы не змаглі, патлумачыўшы ўсе валютным кантролем і намякнулі, што гэта можа быць звязана з санкцыямі. Хутчэй за ўсё, будуць арыштаваныя ўсе актывы і нават рахункі “Амкадору” не толькі ва Украіне, але і ў ЕС», — пішуць прадстаўнікі дыяспары.

Па інфармацыі канала, у амбасадзе ўжо ў курсе гэтай навіны, а 10 лютага Мінску чакаецца экстраная нарада савета дырэктараў холдынгу «Амкадор».

«Ёсць яшчэ буйныя кампаніі, праца якіх пад вялікім пытаннем», — зазначаюць беларусы ва Украіне.

Нагадаем, уладальнік холдынгу «Амкадор» Аляксандр Шакуцін трапіў у трэці санкцыйны спіс Еўрасаюза. Сам Шакуцін заявіў, што абскарджвае гэтае рашэнне.

Украіна ж афіцыйна пакуль не паведаміла, ці будзе далучацца да эканамічных санкцый ЕС.