У Беларусі зацверджана антыінфляцыйная праграма

Саўмін і Нацбанк сумеснай пастановай зацвердзілі антыінфляцыйную праграму, якая прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў у галіне грашова-крэдытнай, бюджэтна-падатковай, цэнавай палітыкі, антыманапольнага рэгулявання, а таксама арганізацыйныя меры.



dom_pravitelstva_245.jpg

У адпаведнасці з пастановай № 733/17 ад 31 жніўня 2015 года "для стварэння ўмоў для паскарэння эканамічнага росту і павышэння эфектыўнасці эканамічнай палітыкі" рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржарганізацыям, падпарадкаваным Саўміну, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму, даручана лічыць прыярытэтнай задачай зніжэнне інфляцыі ў 2015—2016 гадах і давядзенне яе ўзроўню з 2017 года да адназначнага чысла.

Дадзена ўказанне штоквартальна да 15-га чысла месяца, што ідзе за справаздачным кварталам, падаваць у Мінэканомікі інфармацыю пра ход рэалізацыі праграмы. У сваю чаргу Міністэрства эканомікі павінна ажыццяўляць маніторынг яе выканання і штоквартальна 25-га чысла месяца, што ідзе за справаздачным кварталам, інфармаваць урад пра ход яе рэалізацыі.

У частцы бюджэтна-падатковай палітыкі фінансаванне дзяржпраграм і мерапрыемстваў у 2015 годзе павінна быць забяспечана на суму не больш як 44,2 трлн рублёў, у 2016 годзе — не больш як на 42 трлн рублёў.

Акрамя гэтага, праграма прадугледжвае падтрыманне станоўчых у рэальным выражэнні ставак грашовага рынку, правядзенне грашова-крэдытнай палітыкі ў рэжыме манетарнага таргетавання, падтрыманне збалансаванай сітуацыі на ўнутраным валютным рынку, у тым ліку за кошт ажыццяўлення гнуткай курсавой палітыкі, забеспячэнне збалансаваных тэмпаў росту шырокай грашовай масы.

У 2016 годзе плануецца правядзенне акцызнай палітыкі, якая прадугледжвае ўстанаўленне ставак акцызаў у дачыненні да алкагольнай і тытунёвай прадукцыі з улікам узгодненых у ЕАЭС параметраў гарманізацыі і неабходнасці захавання канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі. Стаўкі акцызаў на аўтамабільныя бензіны і дызельнае паліва будуць захаваныя на ўзроўні 2015 года. Прадугледжваецца паэтапная індэксацыя ставак акцызаў на газ, які выкарыстоўваецца ў якасці аўтамабільнага паліва, і масла для аўтамабіляў з дызельнымі і (ці) карбюратарнымі (інжэктарнымі) рухавікамі ў межах прагназаванага параметру інфляцыі (у цэлым на 12 % з разбіўкай па паўгоддзях).

Цэнавая палітыка прадугледжвае распрацоўку дарожнай карты змянення рэгуляваных цэн (тарыфаў) на тавары (паслугі), паэтапнае скарачэнне перакрыжаванага і бюджэтнага субсідзіравання жыллёва-камунальных і транспартных паслуг у параметрах, прадугледжаных прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Запланавана ўдасканаленне тарыфнай палітыкі ў сферы паліўна-энергетычных рэсурсаў для спажыўцоў рэальнага сектара эканомікі і аптымізацыя памеру аптовых і гандлёвых надбавак, што прымяняюцца на лекавыя сродкі і вырабы медыцынскага прызначэння.

Арганізацыйныя меры сярод іншага ўключаюць стабілізацыю цэнавай сітуацыі на рынку спажывецкіх тавараў шляхам правядзення закупачных і таварных інтэрвенцый.

Аб тым, што ўрад і Нацбанк павінны ў 2015 годзе выпрацаваць пэўную антыінфляцыйную праграму, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 29 красавіка з пасланнем да народа і парламента. "Макраэканамічная стабільнасць — гэта залог нармальнага бізнесу, зніжэнне інфляцыі для нас — прыярытэтная задача", — падкрэсліў ён.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў: насельніцтва Беларусі таксама трывожыць рост цэн. "Але вы ведаеце, у асноўным цэны ў нас растуць ад Кабякова, ад міністраў. Мы ж самі пастаянна узнімаем гэтыя цэны, маючы на ўвазе, што і па ЖКГ народ недаплачвае, і аб'еўся народ — вельмі нізкія цэны на прадукты харчавання, і энергетыка ў нас бедная, пакутуе — трэба падняць нафтаперапрацоўцы, іншым энергетычным прадпрыемствам даходы, яны, бачыце, мадэрнізуюцца, небаракі, "зарплата ў нас нізкая", і пайшло-паехала. Гэтага больш быць не павінна", — заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2015 год прырост цэн прадугледжаны не больш як на 12 %. Аднак у канцы студзеня мэтавы арыенцір інфляцыі ў 2015 годзе быў вызначаны Нацбанкам на ўзроўні 18 % з дапушчальным адхіленнем у 2 %.

Па выніках сямі месяцаў 2015 года інфляцыя ў Беларусі склала 7,5 %. Нацбанк лічыць, што па выніках года інфляцыя будзе блізкая да ніжняй мяжы прагнозу — 16 %. Што да 2016 года, то пакуль галоўны банк краіны прагназуе інфляцыю на ўзроўні 12 %.


Аляксей Арэшка, БелаПАН