У падатковыя органы Мінска звярнуліся 473 “дармаеды”

У адпаведнасці з дэкрэтам № 3 “аб дармаедах” 473 чалавекі апавясцілі ў сталіцы падатковыя органы пра тое, што яны не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў. Аб гэтым паведаміла 16 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намесніца начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па горадзе Мінску Галіна Гурыновіч.



tunejadcy_500.jpg

«На сённяшні дзень пададзена 473 паведамленні. Гэтым грамадзянам ужо выстаўлены збор у памеры 1,2 млрд. рублёў. Калі яны да 1 ліпеня заплацяць гэты збор, то яго суму можна будзе паменшыць на 10%. Ужо збор заплацілі 166 грамадзян у памеры 466 млн рублёў», — распавяла Гурыновіч.

Як вядома, дэкрэт прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў падпісаны 2 красавіка 2015 года. Ім быў усталяваны абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія стала пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічаюць у падобным фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (на сёння гэта 4 млн 200 тыс. рублёў).

Па словах Гурыновіч, такія грамадзяне мелі права падаваць у добраахвотным парадку апавяшчэнне з 1 жніўня 2015 года аб тым, што яны не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў ці ўдзельнічалі, але менш за 183 дні за год.

«Што тычыцца агульнай колькасці грамадзян, якія трапяць пад нормы дэкрэта, то казаць пра гэта вельмі рана. Рэальную карціну мы ўбачым у жніўні», — адзначыла спецыяліст.

Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у беларускай сталіцы на канец снежня 2015 года склала 6,8 тыс. чалавек (0,6%), За 2015 год узровень афіцыйнага беспрацоўя вырас утрая. Эксперты звязваюць рост афіцыйнага беспрацоўя са складанай эканамічнай сітуацыяй, а таксама з дзеяннем дэкрэта “аб дармаедах”.