11 фактаў пра Плошчу-2006, якія вы маглі не ведаць
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу выйшлі дзясяткі тысяч пратэстоўцаў, а на наступны дзень у цэнтры Менску паўстала намётавае мястэчка. Пасля быў начны штурм і разгон шэсця 25-га сакавіка. Радыё Свабода сабрала 11 фактаў пра гістарычныя пратэсты вясны 2006-га.
Ад 25-ці год да смяротнага пакарання
Напярэдадні пратэстнай акцыі тагачасны старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка паведаміў пра тое, што апазіцыя рыхтуецца да «сілавой акцыі з выбухамі і падпаламі» і дзеянні тых, хто выйдзе на плошчу будуць разглядацца як «тэрарызм». Агучана была і адказнасьць — да 25-ці год.
Тады ж улады паведамілі пра баевікоў, якіх рыхтавалі за мяжой і якія павінны былі атруціць жыхароў Менску з дапамогай пацукоў.
Гэтыя словы былі самыя запамінальнымі з вуснаў Сухарэнкі за ўсю яго кар’еру ў спецслужбах.
Плошчу планавалі ў Парку Горкага
Спрагназаваць, як будуць паводзіць сябе ўлады ў дзень галасавання, было цяжка — тое, што людзям далі сабрацца і на Кастрычніцкай не было спецназу, стала нечаканасцю для многіх, у тым ліку для выбарчых штабоў кандыдатаў.
Са словаў Аляксандра Мілінкевіча, яго штаб рыхтаваўся да намётавага мястэчка ў парку Горкага 19-га сакавіка. У выніку палітык заклікаў прайсці шэсцем да плошчы Перамогі і ўскласці кветкі. Намёты паставілі на наступны дзень і незалежна ад выбарчых штабоў Мілінкевіча і Казуліна.
Снег не быў штучны
19 сакавіка ў раёне Кастрычніцкай была моцная завіруха. Такога снегу ня памяталі многія карэнныя менчукі, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Дагэтуль многія лічаць, што снегам «стралялі» адмысловыя гарматы.
Але гэта ўсё ж міф — Вінцук Вячорка кажа пра такое ж надвор’е і ў раёне ізалятара на завулку Акрэсціна — палітык разам з іншымі быў прэвэнтыўна арыштаваны перад акцыяй.
Хто паставіў першы намёт?
Яшчэ колькі месяцаў у апазыцыйным асяродку вяліся спрэчкі аб асобе, якая ўсталявала першы намёт. Калі запытаць удзельнікаў тых падзей, можна пачуць некалькі версій — дзяўчыны з «Вольнай моладзі», Тацяна Елавая (яна пасля заснавала рух супраціву «Бунт»), латышы ці эстонцы, Дзяніс Мазур з паплечнікамі ці Дзяніс Дзянісаў. Пра апошняга так напісала «Наша Ніва», праўда ў інтэрвію з ім жа. І гэта зноў выклікала спрэчкі ў камэнтарах.
Падобная сітуацыя і з іншым знакамітым персанажам Плошчу-2006: маладзёнам, які ўскочыў з бел-чырвона-белым сцягам на «сотку» і праехаў такім чынам уздоўж Кастрычніцкай — яго імя дагэтуль невядомае.
Куды яны хадзілі ў прыбіральню?
Пра тое, што ў намётавым мястэчку кепскія санітарныя ўмовы, без перапынку паведамляла беларускае тэлебачанне. Выказаўся нават Лукашэнка, сказаўшы, што многія дэманстранты самі папрасіліся ў турму і былі «удзячныя міліцыя», бо ўмовы ў мястэчку былі настолькі кепскія.
Трэба прызнаць, што каб так было сапраўды, міліцыя прыклала шмат намаганняў — перадаць біяпрыбіральню у мястэчка, ачэпленае амапаўцамі было ня проста, некалькі спробаў праваліліся, а людзей арыштоўвалі і збівалі. Але ў выніку прыбіральня ў намётавым мястэчку з'явілася і размясцілася роўна над каналізацыйным люкам. Праўда, чэргі ў прыбіральню былі вялікія і многія пратэстоўцы хадзілі ў прылеглыя да Кастрычніцкай кавярні і Макдональдз. Такія вылазкі не заўжды сканчваліся бяспечна — амапаўцы часта арыштоўвалі людзей, якія выходзілі з Плошчы.
Плошчу Каліноўскага прыдумалі Сіўчык і Арлоў
Кастрычніцкую плошчу ўдзельнікі пратэсту перайменавалі ў Каліноўскага, адпаведны транспарант з'явіўся ў намётавым мястэчку. Прапанавалі гэта пісьменьнік Уладзімір Арлоў і палітык Вячаслаў Сіўчык.
А NRM засьпяваў на Плошчы прыпеў сваёй новай песьні — «Хай варожыць гадзючнік варожы, усё роўна мы перажожам»
Ахова, каменданты і салідарнасць
Патрапіць у намётавае мястэчка было няпроста. Існаваў «уваход» у выглядзе некалькіх вартаўнікоў, нехта «знутры» павінен быў ведаць чалавека, які спрабуе ўвайсці.
Намётавае мястэчка мела сваіх кіраўнікоў, яны называліся каменданты. Нягледзячы на спантанны выгляд пратэсту, пэўная арганізацыя прысутнічала — многія моладзевыя арганізацыі мэтанакіравана працавалі на Плошчу, а падчас яе дастаўлялі новыя намёты, ежу ды вопратку. Хоць усё гэта неслі і простыя людзі — дзясяткі бабулек прыносілі хатнюю ежу ды швэдры, бізнэсоўцы давалі грошы і дастаўлялі ежу з рэстаранаў. Дарэчы, адным з вялікіх страхаў удзельнікаў намётавага мястэчка — што нехта з гэтых бабулек прынясе піражкі са слабіцельным. Гэта з улікам чэргаў у прыбіральню магло быць, але не адбылося.
Новыя аўтазакі для Плошчы
Звыклыя для вока беларуса зялёныя «каробачкі»-аўтазакі ўпершыню былі задзейнічаны падчас разгонў ў ноч з 23-га на 24-га сакавіка. Чорная амапаўская форма, каваныя боты і пальчаткі-кастэты таксама з'явіліся менавіта тады.
Аўтазак
На Плошчы арыштавалі больш за 400 чалавек, сотні сядзелі да выбараў, а падчас намётавага мястэчка за кратамі апынуліся дзесяткі чалавек. Судзілі дэманстрантаў ва ўсіх мінскіх судах, на разгляд адной справы адводзілася 10-15 хвілінаў. У сталічных ізалятарах не хапала месцаў, частку людзей адправілі сядзець у Жодзіна.
25-га сакавіка кідалі шумавыя гранаты
Шэсце, якое ўзначаліў Аляксандар Казулін жорстка разагналі байцы спецназу з часткі 3214, супраць пратэстоўцаў ужывалі шумавыя і дымавыя гранаты. Наогул, такая жорсткая рэакцыя ўладаў — страх перад рэвалюцыямі, якія адбываліся побач. У 2006-м людзі думалі пра Майдан, рэвалюцыі ў Белградзе і Тбілісі. А па ўсёй краіне былі разлепленыя налепкі «Сення Украіна — заўтра Беларусь»
І хоць непасрэдна за ўдзел у Плошчы не было заведзена крымінальных справаў, адразу пасьля выбараў улады моцна ўдарылі па моладзевых арганізацыях, завёўшы дзесяткі крымінальных справаў па артыкуле «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»
Знікненьне Лукашэнкі
На такі тэрмін ён ніколі не знікаў. Па ТБ яго паказалі праз некалькі дзён пасьля выбараў, а наступны раз толькі 8-га красавіка, падчас інаўгурацыі.
Яе, дарэчы, на восем дзён перанеслі.
Дух Плошчы
Плошча стала апошнім акордам для вядомай у 2000-х арганізацыі «ЗУБР», зніклі і некалькі іншых ініцыятываў, актыўных падчас тых выбараў.
Тым не менш, разгоны, пасадкі і крымінальныя справы не спрычыніліся да заняпаду настрояў — Мілінкевіч ствараў свой «Рух», тысячы маладых людзей насілі значкі з чырвонымі крыламі «За Свабоду», у красавіку адбыўся шматтысячны Чарнобыльскі шлях. Пра Плошчу здымалі фільмы, пісалі кніжкі і апавядалі легенды. Намётавае мястэчка ўспрымалася як перамога альбо прынамсі яе пачатак.