Улады павышаюць адзіны падатак для сталічных прадпрымальнікаў

Мінгарсавет павінен разгледзець дакумент, у адпаведнасці з якім у наступным годзе павялічыцца памер адзінага падатку для ІП і іншых фізічных асобаў. Павелічэнне складзе 12%. Сёлета, у маі, такі падатак ужо павышаўся на 15%.

gi_17981_90038_big.jpg


Чыноўнікі з Мінгарвыканкама тлумачаць, што «больш за 45% ставак адзінага падатку, які дзейнічае ў сталіцы, не адпавядаюць межам базавых ставак гэтага падатку, які ўстаноўлены Падаткавым кодэксам на 2017 год». Што насамрэч стаіць за павышэннем адзінага падатку і якія наступствы яно можа мець? На пытанні «Новага Часу» адказвае эканаміст і прадпрымальнік Леў Марголін.

— Як адаб’ецца на індывідуальных прадпрымальніках і фізічных асобах павышэнне адзінага падатку?

— Натуральна, адмоўна, таму што пакупніцкая здольнасць насельніцтва падае, выручка ў іпэшнікаў таксама зніжаецца, таму павелічэнне падаткаў зараз вельмі не дарэчы.

— Якая прычына чарговага павышэння?

— Гэтая прычына, як заўжды, адна — грошы скончыліся. Што б там сабе не казалі ўладатрымцы, але справа ў тым, што ў Мінску тыя, хто сплачвае адзіны падатак, а гэта перш за ўсё гандляры на рынках, гэта рэпетытары, гэта тыя, хто здае кватэры, яны робяць вельмі вялікі ўнёсак у гарадкі бюджэт. Таму, я мяркую, павышэнне гэтага падатку звязана з прыняццем бюджэта на новы год. Відаць, у прыбытковай частцы ёсць дзіркі, якія не дазваляюць перакрыць выдаткі, таму ўлады шукаюць, чым іх заткнуць.

— Ці адчуюць на сабе гэтае павышэнне спажыўцы?  

— Калі паслугі, як кажуць, ліквідныя, дэфіцытныя, то, натуральна, спажыўцы гэта адчуюць. Бо любы прадпрымальнік, перад усім, жадае захаваць свой прыбытак і ўключыць усе выдаткі, у тым ліку і падаткавыя, у кошт тавараў і паслуг. Але я баюся, што многія не змогуць гэта зрабіць, бо яны і так ледзь-ледзь балансуюць на мяжы пакупніцкага попыту. Калі, скажам, у прадпрымальніка толькі адзін продаж за дзень, то наўрадці ён будзе павышаць цану на сваю прадукцыю, бо ён рызыкуе ўвогуле застацца без продажаў. Так што ў любым выпадку ад гэтага нехта пацерпіць — альбо пакупнікі тавараў і спажыўцы паслуг, альбо самі прадпрымальнікі.

— Ці адаб’ецца павышэнне адзінага падатку на колькасці прадпрымальнікаў у Мінску?

— Канкрэтна па працэнтах сказаць цяжка, але ў любым выпадку сітуацыя складваецца такім чынам, што колькасць прадпрымальнікаў з кожным годам памяншаецца. Тут мае месца сукупнасць прычынаў: гэта павышэнне падаткаў, а ўслед, хутчэй за ўсё, павялічаць арэндную плату, і гэта ўсё складнікі агульнай эканамічнай сітуацыі. Таму прадпрымальнікаў становіцца ўсё менш. І гэта ва ўмовах, калі на рынак пастаянна выкідваюцца новыя і новыя беспрацоўныя, якім трэба шукаць новыя месцы прыкладання высілкаў.

— Якія катэгорыі прадпрымальнікаў могуць пацярпець сёння больш за ўсё?

— Натуральна, гэта тыя, хто гандлюе на рынках. Бо тыя, хто аказвае паслугі і аплочвае адзіны падатак, знаходзяцца ў больш прывабнай сітуацыі, хоць і там ёсць больш прыбытковыя сферы ці менш прыбытковыя. Але самая ўразлівая — гэта ўсё ж сфера дробнага гандлю. Там вельмі высокая канкурэнцыя, таму любое павышэнне падаткаў ці арэнднай платы на прадпрымальніках там сказваецца вельмі балюча. 

— Як вы бачыце развіццё сітуацыі ў будучыні для іпэшнікаў і для малога бізнэса ў цэлым?

— Сітуацыя будзе прыкладна такая ж, як і з вялікім бізнэсам. Будзе стагнацыя і паступовае загібанне гэтай сферы эканомікі. Гэта працэс не хуткі, недзе, магчыма, нават будуць нейкія ўсплёскі невялікага росту. Канешне, адноснага росту, таму што каклі эканоміка цягам двух гадоў губляе па тры з большым працэнты, то адзін працэнт росту, калі ён нават і будзе, наўрадці зможа гэта ўсё кампенсаваць. То бок, дробны бізнэс будзе капіяваць лёс буйнога бізнэса.