Улады не трымаюць дадзенае прадпрымальнікам абяцанне
Беларускія ўлады парушылі абяцанне не канфіскоўваць у прадпрымальнікаў тавары, якія прадаюцца без сертыфікатаў Мытнага саюза.
У ІП з Віцебска за адсутнасць на гандлёвай кропцы дакументаў канфіскавалі тавар на суму больш за 150 млн рублёў. Канфіскацыя адбылася не гледзячы на запэўніванні ўладаў, у тым ліку: Аляксандра Лукашэнкі, што да 1 студзеня 2016 года ІП не будуць караць за гандаль без адпаведных дакументаў.
«Не гледзячы на заявы ўладаў на ўзроўні намесніка міністра эканомікі, рассылку МПЗ лістоў, каб прадпрымальнікі нічога не баяліся, хадзілі працавалі і плацілі падаткі, у горадзе Віцебску ў сакавіку ў ІП Святланы Ваяводзін адбылася канфіскацыя. Тавар канфіскавалі. Справу перадаюць у суд», — распавёў «Беларускаму партызану» лідэр РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.
«Я ўчора звязваўся з падатковай. Кажу ў вас сумленне ёсць ?! Намесніе міністра эканомікі сказаў людзей не чапаць — рыхтуецца ўказ аб тым, што можна працаваць без дакументаў. Там мне адказалі — мы працуем па законе і нічога не парушаем, і я не маю права перагледзець рашэнне», — распавёў Шумчанка.
«Тавар канфіскавалі за адсутнасць дакументаў. Прычым яны ў мяне ёсць (усе накладныя, сертыфікаты), але ў мяне ідзе планавая праверка і ўсе дакументы знаходзяцца ў падатковай. Я ім так і напісала ў тлумачальнай. Але ім гэта тлумачэнне пераканаўчым не здалося і яны канфіскавалі ўвесь тавар на суму больш за 150 млн. рублёў», — распавяла сама прадпрымальніца Святлана.
«Цяпер мы склалі скаргу на неправамерныя дзеянні падатковай. Пакуль адказу на скаргу няма. Сядзім чакаем. Што цяпер рабіць я проста не ведаю», — распавяла прадпрымальніца.
«Мы якраз пра гэта папярэджвалі — кажа Шумчанка. —Цяперашняя сітуацыя заключаецца ў тым, што ёсць заявы чыноўнікаў аб тым, што чапаць нікога не будуць, але заканадаўча іх да справы, што называецца, не прышыеш .У выніку жанчына з дзіцем сёння засталася ні з чым. У яе забралі ўсе. Як пасля гэтага верыць нашым уладам?»
Нагадаем, 1 сакавіка скончыўся перыяд, на працягу якога ІП маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі легпрама, ўвезенай з краін Мытнага саюза, без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. Адтэрміноўка прадастаўлялася ўказам прэзідэнта № 222. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць ўраду, што не змогуць працаваць у новых умовах, але іх меркаванне чыноўнікі ігнаравалі да апошняга моманту.
28 лютага намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты на брыфінгу ў Мінску заявіў, што ў бліжэйшы час з’явіцца дакумент аб легалізацыі продажу рэшткаў тавараў легпрама ІП, якія не маюць на іх дакументаў. Чыноўнік таксама запэўніў, што кантралюючыя органы не будуць прымяняць якія-небудзь санкцыі ў дачыненні да ІП да прыняцця новага ўказа. «Усё могуць працаваць у спакойнай абстаноўцы», — падкрэсліў намеснік міністра.
Пазней на сайце Міністэрства па падатках і зборах з’явіўся праект указа, у якім індывідуальныя прадпрымальнікі атрымліваюць права гандляваць таварамі без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, але пры гэтым павялічваюцца падаткі. Аднак гэты ўказ да гэтага часу не прыняты.
17 сакавіка, падчас сустрэчы з ІП у ГЦ «Экспабел» Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што беларускія ІП змогуць прадаваць тавары легпрама без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, да 1 студзеня 2016 года.