Увайшлі ў сілу папраўкі ў Банкаўскі кодэкс
22 студзеня ўвайшлі ў сілу змяненні і дапаўненні ў Банкаўскі кодэкс Беларусі. Адпаведны законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 27 чэрвеня 2012 года, ухвалены Саветам Рэспублікі 29 чэрвеня.
Згодна з папраўкамі, за Нацыянальным банкам замацоўваецца новая функцыя — ажыццяўленне маніторынгу фінансавай стабільнасці, аб'ектамі якога будуць не толькі банкі і нябанкаўскія
крэдытна-фінансавыя арганізацыі, але і фінансавыя пасрэднікі, фінансавыя рынкі і плацежная сістэма ў цэлым.
Прадугледжваецца спрашчэнне працэдур дзяржаўнай рэгістрацыі і ліцэнзавання банкаў. Пры гэтым мяркуецца, што банкі могуць стварацца выключна ў форме акцыянерных таварыстваў, а таксама ўстанаўліваюцца
жорсткія патрабаванні да карпаратыўнага кіравання і кіравання рызыкамі, ажыццяўлення ўнутранага кантролю і аўдыту.
Замацоўваецца вызначэнне паняцця "электронныя грошы", што легалізуе абарачэнне такіх сродкаў плацяжу.
Забараняецца збіранне з кліентаў камісійных і іншых плацяжоў за карыстанне крэдытам, за выключэннем працэнтнай стаўкі.
Упершыню на заканадаўчым узроўні замацоўваецца вызначэнне тэрміна "стаўка рэфінансавання". Пад ёй маецца на ўвазе стаўка Нацбанка, якая з'яўляецца базавым інструментам
рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак на грашовым рынку і служыць асновай для ўстанаўлення працэнтных ставак па аперацыях давання ліквіднасці банкам.
Папраўкі таксама прадугледжваюць заканадаўчае замацаванне паняцця "матываванае меркаванне" пры ажыццяўленні Нацыянальным банкам банкаўскага нагляду. Пад ім разумеецца фармалізаванае,
лагічна абгрунтаванае прафесійнае меркаванне работнікаў Нацбанка, якое можа з'яўляцца падставай для прыняцця рашэнняў па ажыццяўленні банкаўскага нагляду праўленнем Нацбанка і яго службовымі
асобамі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН