ЗША абрынулі расійскі рынак

Санкцыі ЗША негатыўна ўдарылі па расійскім рынку акцый. Лідарам падзення чакана сталі кампаніі і актывы бізнесменаў, якія трапілі ў новы санкцыйны спіс амерыканскага Мінфіна.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Індэкс Маскоўскай біржы на таргах 9 красавіка падаў на 9,386%, або на 214,12 пункта — да 2067,11 пункта. Індэкс РТС да гэтага ж часу апусціўся на 11,539 % —- да 1093,8 пункта, падзенне склала 142,68 пункта. Пра гэта сведчаць дадзеныя таргоў, паведамляе lenta.ru.
Разам з індэксамі зніжаецца курс рубля адносна сусветных валют. Да 13:30 мск еўра ўпершыню з верасня 2016 года перасягнуў 73 рубля. Даляр да гэтага ж часу каштаваў 59,5 рубля, вышэй 60 рублёў амерыканская валюта апошні раз падымалася ў лістападзе 2017-га.
Агенцтва Bloomberg адзначае, што падзенне расійскіх рынкаў — рэкорднае за апошнія два гады.
Лідарам падзення чакана сталі кампаніі і актывы бізнесменаў, якія трапілі ў новы санкцыйны спіс амерыканскага Мінфіна. Так, акцыі «Русала» Алега Дзерыпаскі днём апускаліся на 27-30 працэнтаў, а ў пачатку таргоў — абваліліся на 46,9 %, да 15,04 рубля за паперу.
Акцыі яшчэ адной кампаніі Дзерыпаскі, En +, якая нядаўна правяла IPO ў Лондане, упалі на 21,68 % або на 126,5 рублёў за паперу, да 457 рублёў за акцыю. На старце яны падалі на 22,8% да 450 рублёў за акцыю. З-за рэзкага абвалу кошту папер Лонданская біржа прыняла рашэнне прыпыніць таргі паперамі En +.
Багацце Алега Дзерыпаскі па выніках 6 красавіка ўжо зменшылася больш чым на мільярд даляраў ЗША. Па выніках бягучых таргоў яно рызыкуе апусціцца яшчэ ніжэй. «Русал» 9 красавіка на фоне абвалу катыровак папярэдзіў інвестараў пра рызыкі тэхнічнага дэфолту.
Мінфін ЗША 6 красавіка апублікаваў новы санкцыйны спіс, у які трапілі расійскія топ-менеджэры, бізнесмены і чыноўнікі.
Варта адзначыць, што 9 красавіка на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы на фоне падзення расійскага рубля адчувальна падаражэлі долар і еўра.