Да прыватызацыі прапанаваныя акцыі невялікіх дзяржкампаній
Дзяржкамітэт па маёмасці апублікаваў пералік з 33 адкрытых акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх дзяржава гатовая прадаць у 2018 годзе.
На продаж выстаўленыя дзяржаўныя пакеты акцый прадпрыемстваў, падведамных Мінпраму, Мінтрансу, Мінэнерга, Мінсельгасхарчу, а таксама канцэрнам "Беллегпрам", "Беллеспаперапрам" і "Белдзяржхарчпрам".
Акцыі, якія належаць дзяржаве, прапанаваныя на продаж па конкурсе i на аўкцыёне. У прыватызацыйным спісе ў асноўным невялікія дзяржкампаніі.
Сярод адкрытых акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх выстаўленыя на продаж, самыя буйныя прадпрыемствы адносяцца да апрацоўчай прамысловасці. У прыватнасці інвестарам прапанаваныя акцыі "Гомсельмаша" (вытворца сельгастэхнікі), БАТЭ (аўтакампаненты), холдынгу "Гарызонт" (бытавая тэхніка).
У апошнім выпадку ўлады гатовыя прадаць інвестару ўвесь пакет акцый холдынгу, які належыць дзяржаве (99,9%). Умовай набыцця акцый з'яўляецца накіраванне не менш як 30 млн долараў у асноўны капітал холдынгу.
Продаж акцый "Гомсельмаша" і БАТЭ магчымы ў выпадку захавання ў дзяржавы кантрольнага пакета акцый і рэалізацыі сумесных з інвестарам праектаў на 500 млн і 80 млн долараў адпаведна.
У 2017 годзе беларускія ўлады накіравалі кітайскім інвестарам пералік з 22 прадпрыемстваў, акцыі якіх былі прапанаваныя на продаж. Адным з такіх прадпрыемстваў выступаў "Гомсельмаш".
"Вялікай цікавасці да іх з боку кітайскіх інвестараў не выказана. Адносна "Гомсельмаша" праводзіліся перамовы, але пакуль да выніку гэта не прывяло", — паведаміў старшыня Дзяржкаммаёмасці Андрэй Гаеў, адказваючы ў лютым падчас прэс-канферэнцыі на пытанні БелаПАН.
Айчынныя эканамісты лічаць, што у 2018 годзе магчымая толькі кропкавая прыватызацыя — у тых выпадках, калі пазіцыі дзяржавы і інвестараў па ўмовах заключэння здзелак будуць практычна супадаць.
"Адзінкавыя прыватызацыйныя здзелкі магчымыя, але не больш за тое. Улады, нягледзячы на рэкамендацыі міжнародных фінансавых арганізацый, сёння не дэманструюць высокую гатоўнасць праводзіць прыватызацыю. Таму прарыву ў гэтым кірунку чакаць не варта", — мяркуе эканаміст Антон Болтачка.
На думку экспертаў, інвестары будуць аддаваць перавагу не ўдзельнічаць у прыватызацыі, а ствараць у выпадку зацікаўленасці прадпрыемствы з нуля (грынфілдаўскія праекты). "Гэты варыянт дазваляе пазбягаць рызык, звязаных з умяшаннем дзяржавы, і не абцяжарваць сябе старым абсталяваннем і даўгамі, назапашанымі дзяржпрадпрыемствамі", — заявіла навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН