14 траўня Вярхоўны Суд разгледзіць апеляцыю «смяротніка» з Бабруйска

Сёння Вярхоўны Суд разгледзіць апеляцыйную скаргу бабруйчаніна Аляксандра Асіповіча. Мужчына спрабуе абскардзіць смяротны прысуд за забойства дзвюх дзяўчат летам 2018 года, перадае Еўрарадыё.

Аляксандр Асіповіч у судзе ў дзень прысуду / Еўрарадыё

Аляксандр Асіповіч у судзе ў дзень прысуду / Еўрарадыё

Сваякі Асіповіча распавялі Еўрарадыё, што першапачаткова апеляцыю павінны былі разгледзець у канцы красавіка, але пасяджэнне перанеслі на травень. Пра прычыны сям'я абвінавачанага не ведае.
У лютым 2019 года сайт BOBR.BY апублікаваў тэкст апеляцыі Асіповіча. Пасля гэтага ў сястры Аляксандра пачаліся праблемы, дзяўчыне нават прыйшлося звольніцца з працы.
Па яе словах, журналісты атрымалі дакумент ад маці адной з загінулых дзяўчат.
«Нам, шчыра кажучы, было не да таго, каб разбірацца з гэтым. Але гэтым фактам быў абураны адвакат. У любым выпадку яна [маці загінулай. — Еўрарадыё] мела права азнаёміцца, але не мела права на фатаграфаваць, ёй не павінны былі даваць фатаграфаваць. Я ведаю, што нашаму адвакату давалі азнаёміцца са справай, але фатаграфаваць — не».
Пра тое, як змянілася жыццё сям'і пасля таго, што здарылася, дзяўчына кажа неахвотна.
«Мы рыхтуемся, трымаемся. З часам да ўсяго прывыкаеш».
У ноч з 19 на 20 ліпеня 2018 года 26-гадовая Крысціна і 27-гадовая Алеся бавілі час у клубе «Прэстыж». Там яны пазнаёміліся з Аляксандрам Асіповічам, выпілі і вырашылі паехаць да яго дадому. Праз некалькі гадзін у міліцыі пачуўся званок — Крысціна паспела пракрычаць, што яе забіваюць, але не змагла назваць дакладны адрас. Калі супрацоўнікі праваахоўных органаў знайшла кватэру, дзе здзяйснялася злачынства, абедзве дзяўчыны былі мёртвыя.
Па версіі абвінавачвання, Асіповіч жорстка забіў Крысціну і Алесю. Адной з ахвяр мужчына нанёс 77 удараў малатком і рукамі, у другой дзяўчыны налічылі 16 ран, амаль усе — на галаве і шыі.
Анастасія Бойка, euroradio.fm