19 сакавіка ў Слоніме пройдзе «Народны сход»

Народны сход з патрабаваннем эканамічных рэформаў пройдзе 19 сакавіка ў Слоніме. Пра гэта сказана ў заяве, распаўсюджанай сёння ад Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сілаў.

17_big.jpg


Аўтары заявы звяртаюць увагу на тое, што за апошнія гады ў горадзе закрыліся шэраг прадпрыемстваў аўтарэмзавод, «Тэкстыльнік», «Пух-пяро», «Сельгастэхніка» і інш., іншыя прадпрыемствы пайшлі на заўважнае скарачэнне супрацоўнікаў: «бізнэс дэкрадуе, не развівае, а адкрыць у наш час ІП — гэта загадзя выракчы сабе на банкруцтва».
«За 20 год у Слоніме не пабудавалі ніводнага новага прадпрыемства. Затое пабудавалі пракуратуру, міліцыю, суд, біржу працы, крамы», — нагадалі аўтары заявы.
Па іх словах, «работы няма, заробкі малыя, а цэны стала растуць, пры гэтым улады ўводзяць усё новыя і новыя падаткі».
Прадстаўнікі слонімскай дэмакратычнай кааліцыі прапануюць сабрацца як і за якія сродкі жыць у Слоніме далей.
«Мы спадзяешся, што на сход прыйдзе шмат слонімцаў. Бо эканамічная сітуацыя увесь час пагаршаецца, з працай праблема, заробкі невялікія, кошты ўвесь час растуць, людзі не ведаюць як далей выжываць. А тут яшчэ гэты абсурдны дэкрэт увялі пра „дармаедаў“», — сказаў сайту Pyx.by прадстаўнік арганізатараў.
Па ягоных словах, апошнім часам усё больш слонімцаў пытаецца, калі будзе акцыя ў Слоніме. «Усім ужо надакучыла слухаць хлусню ад уладаў, людзі хочуць выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне. Таму ў нядзелю, 19 сакавіка, кожны жадаючы атрымае такую магчымасць», — заключыў прадстаўнік кааліцыі дэмсілаў Слоніма.
Збор удзельнікаў абвешчаны ў 15:00 на плошчы Леніна.
Вольга Быкоўская, pyx.by