2016. Год пустаты

Ад прагнозаў на наступны год робіцца крыху вусцішна. Бо няма ніякіх прагнозаў. Быццам усё пушчана на самацёк, аддадзена на волю лёсу і ніхто нават не спадзяецца, што тая воля будзе добрай.Ад прагнозаў на наступны год робіцца крыху вусцішна. Бо няма ніякіх прагнозаў. Быццам усё пушчана на самацёк, аддадзена на волю лёсу і ніхто нават не спадзяецца, што тая воля будзе добрай.



dubavec.jpg

svaboda.org

«Цяжкі, як ніколі, год» аб’яўлены годам культуры. Не беларускай культуры, не годам Мулявіна ці годам Шамякіна, не годам замірэння дзяржавы з незалежнай культурай, а проста — культуры. А што такое культура? Чыстыя вуліцы, не лаяцца матам, правільна змазаны аўтамат — усё, куды ні кінь, культура. Проста ўсё. А проста ўсё — гэта проста нішто. Пустата.

А можа я чапляюся і насамрэч у год культуры запланавана нешта нешараговае і амбітнае, нешта незвычайнае, што прыцягне да Беларусі ўвагу ўсяго свету? 

Вось пералік мерапрыемстваў. «Гэта будзе год знакавых юбілеяў». Гм. Кожны год — год знакавых юбілеяў, гэтую тайну адрыўныя календары даўно ўжо перадалі Вікіпедыі. Нават кожны дзень цяпер лёгка апісаць чым-небудзь знакавым. І што ж прыдумалі ў мінкульце? Канцэрт з нагоды 75-х угодкаў Уладзіміра Мулявіна, юбілейны «Славянскі базар», пройдуць акцыі «Чытаем Багдановіча разам» — гэта да 125-х угодкаў любімага паэта. У Слуцку паставяць помнік княгіні Анастасіі… Усё? Усё.

Ясна, што год культуры патрэбны найперш міністэрству культуры для фінансавання сябе самога. Але ж хоць бы скрэатывілі чыноўнікі, ну хоць штосьці, каб новы год не выглядаў у параўнанні з іншымі так блякла і нецікава, асабліва ў культурным плане.

Праблема краіны ў тым, што культура глыбока расколатая на прыўладную абслугу і ўласна беларускую культуру з яе асобнай ад дзяржавы літаратурай, паўзабароненымі музыкамі і мастакамі. Ясна, што пры гэтай уладзе, якая гэты раскол стварыла, ён пераадолены быць не можа. Але ж ні намёку, што «там» нехта гэтага хоча. У інтарэсах краіны. У 2016 у глыбінную расколіну запампуюць чарговую порцыю пустаты пад назваю «Год культуры». 

На маю думку, чарговая прафанацыя не вартая ніякіх бюджэтных сродкаў, а недзяржаўная культура, па якой нас і ведаюць у свеце і ў якой ёсць рэальная аўдыторыя ў краіне, будзе жыць без дзяржаўнай падтрымкі, як і жыла дагэтуль.

Будзь мая воля, я б абвясціў 2016-ты годам культурнай мабілізацыі. Рэч у тым, што праз год, у 2017-м споўніцца 500 гадоў беларускай кнізе. Сімвал нашай краіны і нацыі ў эпоху Адраджэння вымагае сапраўднага адраджэння краіны і нацыі ў сучаснасці. Гэта падзея сусветнага маштабу і адзначаць яе будуць па ўсім свеце. І будзе надзвычай крыўдна, калі цэнтрам юбілею стане не Беларусь, калі Беларусь у дачыненні да культурнага подзвігу Францішка Скарыны застанецца пры сваіх «Славянскіх базарах» — у пустаце. Год на падрыхтоўку да юбілею беларускага кнігадруку — зусім няшмат, але не так і мала, калі абвясціць культурную мабілізацыю, прычым для ўсіх беларусаў, бо Скарына непадзельны для ўсіх. 

На жаль, даводзіцца канстатаваць, што Адраджэнне, нацыя, Скарына — занадта вялікія, глабальныя з’явы для разумення чыноўнікаў мінкульту — па-сутнасці афіцыянтаў, якія не сягаюць думкай далей за «культурную» сервіроўку барскага стала.

Сяргей Дубавец, Радыё Свабода