22% асуджаных — жанчыны. «Вясна» дала «пратэсную» статыстыку за жнівень
За жнівень па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 136 чалавек, з іх 58 — у Брэсцкай вобласці. Таксама маюцца звесткі пра затрыманні не менш як 209 чалавек, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на праваабарончы цэнтр «Вясна».
Агулам прысуджана больш за 120 гадоў калоніі, 85,5 гадоў «хіміі» і 93 гады «хатняй хіміі». Пры гэтым 22% асуджаных — жанчыны.
«Фігуранты "пратэсных" крымінальных спраў працягваюць заяўляць пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, катаванні, ціск і прымус да дачы сведчанняў на этапе папярэдняга расследавання. Суды не рэагуюць на такія заявы, а выносяць абвінаваўчыя прысуды, засноўваючыся на паказаннях, атрыманых гвалтоўным шляхам з парушэннем вызначанага парадку», — адзначаюць праваабаронцы.
Пры гэтым вызваленыя палітвязні працягваюць гаварыць пра наўмыснае пагаршэнне ўмоў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі.
Працягвае паступаць інфармацыя пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў ізалятарах Мінска. «Палітычныя» не атрымліваюць ні медыцынскай дапамогі, ні прагулак, ні перадач. Супрацоўнікі ЦІПа працягваюць збіваць затрыманых, не рэагуюць на скаргі пра прусакоў у камерах, а тых, хто захварэў на COVID-19, часта не лечаць і не ізалююць ад здаровых людзей, сведчыць «Вясна».
Акрамя таго, па стане на канец жніўня ўладамі былі ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі каля 200 некамерцыйных арганізацый.
За жнівень прызнаныя экстрэмісцкімі больш за 20 тэлеграм-каналаў і груп у сацыяльных сетках сацыяльна-палітычнай тэматыкі.