27 гадоў таму Лукашэнка правёў рэферэндум, які скасаваў БЧБ-сцяг і надаў рускай мове статус дзяржаўнай
14 мая 1995 года па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі прайшоў рэферэндум. Па яго выніках была прынята дзяржаўная сімволіка, амаль неадрозная ад савецкай, а рускай мове нададзены статус дзяржаўнай. Таксама прэзідэнт атрымаў права на датэрміновы роспуск парламента. Гэты рэферэндум можна лічыць кропкай адліку ў паступовай канцэнтрацыі неабмежаванай улады ў Лукашэнкі.
«14 мая 1995 года — чорны дзень у гісторыі Беларусі, — піша з гэтай нагоды публіцыст і былы дэпутат Сяргей Навумчык. — Зьдзейсьніўшы тэрарыстычны акт (зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнту), з парушэньнем Канстытуцыі і законаў Лукашэнка правёў т. зв. рэфэрэндум, які пераламіў хрыбет нацыі і абазначыў усталяваньне ў краіне рускага фашызму (які называе сябе «русским миром»). Было спыненае нацыянальнае беларускае Адраджэньне і пачаўся этнацыд (а па некаторых прыкметах — і генацыд) беларускай нацыі.
Вечная памяць дэпутатам БНФ Ігару Гермянчуку, Барысу
Гюнтару, Лявону Дзейку, Уладзімеру Заблоцкаму, Алесю Шуту, якія імкнуліся
супрацьстаяць Лукашэнку і абараніць гонар нацыі.
Вечная памяць усім, хто паклаў жыцьцё ў змаганьні супраць
рускага фашызму і ягонага халуя, усім, чыё чыё сэрца ня вытрымала нацыянальнай
ганьбы.
Ня ведаю, колькі яшчэ працягнецца тэрор і зьдзек над
беларускім народам. Але няма ніякага сумневу, што ў тую ж самую хвіліну, як на
руках Лукашэнкі і ягонай банды зашчоўкнуцца кайданкі, над дзяржаўнымі будынкамі
Беларусі ўзьнясецца Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.
Цяпер ужо — навечна».