Аб'яўлены лаўрэат прэміі імя Васіля Быкава

Як паведамляе Радыё Свабода, у гэты раз пераможцам стаў аўтар курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка.

nch_001_1.jpg


На радзіме Васіля Быкава, каля дома-музэя ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну прэмія «За свабоду думкі» уручаецца ўжо 11-ы раз. Паводле заснавальніка руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, аднаго з ініцыятараў стварэння прэміі імя Васіля Быкава, ужо другі год арганізатары ўганаравання маюць праблемы з фінансамі. Сёлета ў красавіку стартавала кампанія па зборы грошай на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака», аднак актыўнасць аказалася невысокай.
Адным з галоўных спонсараў стаў бізнэсовец, заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер, які перавёў 2000 рублёў з неабходных 5000.
Сродкі патрэбныя перадусім на выраб статуэткі і дыплёма для ляўрэата (1100 рублёў), арганізацыю ўрачыстасцяў, канцэрт і падтрымку мэдыя (1600 рублёў), выраб прызоў (1000 рублёў), арэнду аўтобусаў (1300 рублёў). На момант публікацыі было сабрана 85% ад патрэбнай сумы.
Прэмія імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» ўручаецца выдатным беларусам, якія праявілі сябе ў грамадзкай ці творчай дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны.
Ляўрэатамі ў розны час станавіліся паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, краязнаўцы Алесь Белакоз і Ада Райчонак, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, літаратары і палітыкі Ўладзімір Някляеў і Павал Севярынец, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч, рэжысэр Валеры Мазынскі, грамадзкі дзеяч Зьміцер Дашкевіч.
Глеб Лабадзенка вядомы як журналіст, грамадзкі актывіст, аўтар курсаў «Мова нанова». З нядаўніх ягоных ініцыятыў — збор грошай на першы помнік Тадэвушу Касцьюшку ў Беларусі, мэмарыяльныя дошкі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну, бронзавую дошку да 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР
Паводле Радыё Свабода