Абласны суд у Гомелі не падтрымаў патрабаванне Марыі Тарасенка пра маральную шкоду

10 чэрвеня судовая калегія па грамадзянскіх справах гомельскага абласнога суда адхіліла апеляцыю жыхаркі абласнога цэнтра Марыі Тарасенка на рашэнне раённага суда аб адмове ў спагнанні маральнай шкоды з дармаедскай камісіі.

62119190_466762590799180_933612855201103872_n.jpg

Тры чалавекі ў мантыях суддзяў вырашылі, што так званыя камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва ўключаюць людзей у спецыяльныя базы не занятых у эканоміцы на падставе прэзідэнцкага дэкрэта №3 аб дармаедах, а гэта значыць, што не могуць прычыніць грамадзяніну маральную шкоду.
Нагадаем, у пачатку года Марыя Тарасенка падала ў суд на дзяржаву за тое, што яе запісалі ў дармаеды. 18 сакавіка суд Чыгуначнага раёна адмовіў у задавальненні яе пазову да камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва і абласнога камітэту працы, занятасцi i сацыяльнай абароны аблвыканкама.
Гэта быў першы дармаедскі працэс хатняй гаспадыні супраць дзяржавы ў бягучым годзе. Кватэра аформлена на Марыю, таму са студзеня тарыф на гарачую ваду для сям'і павысілі ў 5,5 разоў.
«Мы будзем ісці да канца, давядзем справу да Вярхоўнага суда, каб паказаць, што гэта не толькі мая праблема, а праблема ўсіх беларусаў. З 1 кастрычніка для людзей, якіх улада аднесла да катэгорыі не занятых, у 5,5 разоў падаражэе газ і ацяпленне», — заявіла Тарасенка.
Паводле gomelspring.org