Абскарджаны адмовы судоў бараніць Курапаты

24 красавіка старшыні Мінскага гарадскога суду Паўлу Кашуновічу накіраваная наглядная скарга на пастановы судоў, што адмовіліся ўзбуджаць грамадзянскую справу ў абарону Курапатаў.



kurapaty_mk_starshyni_mhs_1_logo.jpg

Сярод заяўнікаў скаргі — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.

Нагадаем, што 26 сакавіка калегія Мінскага гарадскога суду (Зоя Салаўёва, Іна Угнівенка і старшыня Іна Яблакава) не задаволіла прыватную скаргу на пастанову суддзі суду Цэнтральнага раёна Мінска Івана Майсейчыка, які 5 лютага адмовіў заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы супраць Міністэрства культуры і начальніка ўпраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі гэтага міністэрства Ігара Чарняўскага. 

У нагляднай скарзе, між іншым, адзначаецца, што заяўнікі звярнуліся ў суд згодна арт. 353 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу (ГПК) Рэспублікі Беларусь, каб абскардзіць не пастанову Міністэрства культуры  ад 1 снежня 2014 года №70 “Аб зацвярджэнні праекта зонаў аховы гістарычна-культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)”, а менавіта дзеянні (бяздзеянне) Міністэрства культуры, якія стварылі пагрозу знішчэння Курапатаў, паколькі шырыня ахоўнай зоны з заходняга боку помніка скарацілася з 120 да 50 метраў.

Грамадскія актывісты звярнулі ўвагу Паўла Каршуновіча на тое, што ў адпаведнасці з арт.339 ГПК Рэспублікі Беларусь менавіта Міністэрства культуры абавязана прадставіць доказы законнасці і абгрунтаванасці сваіх вышэйназваных дзеянняў (бяздзеяння).

Трэба мець на ўвазе, што на адабраным ад ахоўнай зоны Курапатаў пляцы зямлі шырынёю да 70 метраў пад сціплай назвай аб’екту прыдарожнага сервісу насамрэч узведзены сапраўдны рэстаранна-забаўляльны комплекс з рэстаранам на 100 пасадачных месцаў, лазняй, чатырма дамкамі модульнага тыпу і дзіцячай пляцоўкай. Прычым гэты цэнтр адпачынку не толькі стварае непасрэдную пагрозу Курапатам, бо павялічвае антрапагенны ціск на ўрочышча, але з’яўляецца своеасаблівым цынічным выклікам нацыянальным духоўным традыцыям беларускага народу з яго паважлівым стаўленнем да памяці продкаў, гаворыцца ў скарзе.

Яе аўтары зазначаюць, што артыкул 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе заяўнікам абарону грамадзянскіх правоў кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. “Таму, адмаўляючы нам ва ўзбуджэнні справы, суд парушыў нашае канстытуцыйнае права на судовую абарону”, -- падкрэсліваецца ў скарзе.

Заяўнікі звярнулі ўвагу старшыні Мінгарсуду на тое, што згодна арт. 21 ГПК Рэспублікі Беларусь, суд абавязаны вырашаць справы на падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятых ў адпаведнасці з ёю нарматыўных прававых актаў. Калі ж пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да высновы аб неадпаведнасці нарматыўнага акту Канстытуцыі, суд прымае рашэнне ў адпаведнасці з асноўным законам краіны і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акту неканстытуцыйным,  гаворыцца ў скарзе.

Яе аўтары лічаць адмову ва ўзбуджэнні справы незаконнай і неабгрунтаванай, а матывацыі суддзі суду Цэнтральнага раёну і судовай калегіі Мінгарсуду -- надуманымі. “Бо суды першай і другой інстанцый адмовілі нам, зыходзячы з таго, што мы прасілі праверыць законнасць пастановы Міністэрства культуры ад 1 снежня 2014 года №70 “Аб зацвярджэнні праекта зонаў аховы гістарычна-культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)”, а таксама адпаведнасць гэтай пастановы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аднак мы не ставілі гэтыя пытанні перад судом”, — адзначаецца ў скарзе.

Грамадскія актывісты просяць Паўла Каршуновіча апратэставаць пастановы судоў першай і другой інстанцый, нягледзячы на тое, што суд Цэнтральнага раёна 23 красавіка даслаў заяўнікам ўсе матэрыялы па іх скарзе.

Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ГПК Рэспублікі Беларусь дазваляе грамадзянам цягам трох гадоў абскарджваць пастановы судоў ў парадку нагляду.

Складваецца ўражанне, што такім чынам суды не жадаюць нават пакідаць у сваіх архівах сляды судовых скаргаў грамадзянаў на дзяржаўныя структуры.