«Абыякавасць да жыцця і схільнасць да самагубства». Як сістэма шкодзіць сістэме

На тыдні Лукашэнка зноўку зладзіў «разнос» медыкам. Увогуле разносы ён ладзіць рэгулярна і па адных і тых жа кірунках. З аднаго боку, канечне, можна сказаць: а што яму рабіць? Іншых жа кірункаў у грамадстве няма! А з другога боку, тое, што «іншых накірункаў няма», і паказвае заганную сістэму дыктатуры.

Фота hrlider.ru

Фота hrlider.ru


Праблемы ад самага пачатку

Лукашэнка ўсё не можа перамагчы карупцыю, на пытанні барацьбы з якой ён выехаў на першых сваіх выбарах у 1994-м. Між тым іншыя краіны гэтую карупцыю за час яго праўлення перамаглі. Далёка хадзіць не трэба — узяць хаця б Грузію і суседнюю Польшчу, якія звялі карупцыйныя праявы да мінімумаў.

Адзіная праява развіцця і вынік «лібералізацыі» — Парк высокіх тэхналогій і ІТ-сфера, якія неслі ў кубышку дзяржавы залатыя яйкі, у выніку пратэстаў 2020 года была зсечаная пад корань. У прынцыпе, гэта было заканамерна, таму што без свабоды думкі і інфармацыі не развіваецца цяпер ніводная галіна. Гэта разумеў нават Сталін з ягонымі «шарашкамі», дзе навукоўцам, хай яны і сядзелі ў лагерах, але была прадастаўленая адносная воля.

Прычым час сталінскіх «шарашак» сышоў у нябыт. Лукашэнка ж, ператвараючы краіну ў вялікі лагер, усё імкнецца зрабіць у розных галінах тыя самыя «шарашкі». Выходзіць кепска.

Таму дрэнна працуе Акадэмія навук — у пытанні таго, каб выконваць даручэнні Лукашэнкі. Ужо сто разоў нам былі прадстаўленыя прататыпы айчынных электракараў (хаця невядома, што ў ім айчыннага), але яны дасюль не выйшлі з стану прататыпаў.

Самы магутны «эпік фэйл» — гэта беларуская вакцына ад кавіду. Тры гады трывала пандэмія, і ўрэшце яна скончылася, а навукоўцы, якія адграблі ад дзяржавы пад яе стварэнне добрыя грошы, так і не выдалі аніякага выніку, хаця шматкроць сцвярджалі, што яна ўжо вось-вось, што ідуць тэсты і апрабацыя.

Адразу пасля разносу медыкаў Лукашэнка вымушаны быў апраўдвацца перад Пуціным у Маскве, што нашыя мікрасхемы зусім не «мікра», хоць ён і атрымаў пад іх крэдыт у паўтара мільярды долараў на «імпартазамяшчэнне». Зноўку казаў пра тое, што няма розніцы ў нейкіх «двух міліметрах» і абяцаў «упіхнуць прыбор у крыло самалёта». І гэта таксама паказвае, што нават вялікіх уліванняў грошай недастаткова для таго, каб здзейсніць хаця б нязначны прарыў у мікраэлектроніцы.

Мы дасюль не можам стварыць айчынны смартфон. Але той жа Кітай за часы існавання Лукашэнкі ва ўладзе здзейсніў магутны скачок ад развіваючайся краіны да другой эканомікі свету, перайшоўшы ад капіравання тэлефонаў да іх зборкі, а ад зборкі — да стварэння ўласнай прамысловасці па вытворчасці тых самых тэлефонаў. А ў нас усё б’юцца і не могуць дабіць «айчынны мабільнік».

Аж да таго, што «беларускі ноўтбук» аказаўся аналагам нават не амерыканскага ці еўрапейскага, а кітайскага Itel Spirit 2. Блогер Валянцін Петухоў (Wylsacom) знайшоў у іх толькі два адрозненні. На корпусе беларускага ноўтбука ёсць літара «H» (лагатып «Гарызонта») і няма лагатыпа Itel. І, канечне ж, цана — за Horizont H-book MAK4 просяць прыкладна на 100 долараў больш, чым за Itel Spirit 2 у той жа канфігурацыі.

Усё гэта сведчыць: сістэма створаная так, што бачнасць працы ацэньваецца вышэй за саму працу і яе вынікі.


Ініцыятыва будзе пакараная

І можа быць, гэта не павінна было б турбаваць сістэму, калі б у яе былі грошы на ўпэўненае падтрыманне сваёй жыццядзейнасці, і каб гэтая безыніцыятыўнасць і абыякавасць не ўплывалі і на дзяржаўны апарат.

На стол Лукашэнкі паклалі дакладную, якая была апублічаная. Высветлілася, што чыноўнікі не выконваюць 31% даручэнняў, якія дае Лукашэнка ў цэлым па краіне ўсім органам улады. Калі паглядзець на даручэнні, якія выдаюцца аблвыканкамам, то не выконваецца 56%, а калі паглядзець па даручэннях, якія даюцца Камітэту дзяржкантролю, то выконваецца ўсяго толькі 46%.

То-бок, не выконваюцца нават прамыя ўказанні Лукашэнкі. Вядома, збольшага таму, што яны часцяком супярэчаць самі сабе. Але не ў малой ступені таму, што чыноўнікі на месцах баяцца праявіць ініцыятыву нават у выкананні прамых даручэнняў кіраўніка. Таму што ў выпадку чаго крайнімі апынуцца ўсё роўна яны. І ў такой сітуацыі лепш нічога не рабіць, чым узяць на сябе ініцыятыву, — а з ёй і адказнасць.

«Лепш нічога не рабіць і пачакаць, чым потым сядзець у турме», — лічаць і чыноўнікі, і дзяржаўныя асобы. Таму што на бяздзейнасць яны максімум атрымаюць чарговы «разнос» ад Лукашэнкі, а вось спроба выканаць даручэнні і нешта змяніць можа выліцца ў рэальную крымінальную справу. Так ужо было шмат з якімі кіраўнікамі — ад экс-міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава да бізнесоўца Аляксандра Мураўёва, які спрабаваў падняць «Мотавела».

«Нічоганерабленне» — гэта спосаб выжывання чынавенства пры сённяшняй уладзе. І такая сітуацыя стымулюе так званы «адмоўны адбор», калі на сваіх месцах застаюцца адданыя, але пазбаўленыя ўсякай ініцыятывы кіраўнікі, што засвоілі галоўнае правіла кабінетных гульняў: не высоўвацца, згодна ківаць галавой, атрымліваць разносы на пасяджэннях, часам зусім несправядлівыя, але гэта дазволіць застацца на сваіх цёплых месцах.

Адпаведна, цалкам адпадае патрэба ў якіх-небудзь новых ідэях. Увесь прагрэс закідаецца «пад сукно».


Аж да вышэйшага ўзроўню

А ў выніку, нягледзячы на вонкавую моц, мы бачым усю хісткасць беларускай мадэлі ўлады, якая завязаная на аднаго чалавека.

Варта было Лукашэнку «знікнуць з радараў» праз хваробу, адразу ж у грамадстве пачалося «браджэнне»: «А што, калі ён памрэ?» «А што будзе пасля яго?» «Хто падхопіць уладу, калі сканае Лукашэнка?»

Называліся розныя людзі, ад Віктара Лукашэнкі, сакратара Рады Бяспекі Вальфовіча і міністра абароны Хрэніна да адносна «штацкага» прэм’ера Галоўчанкі і зусім штацкай Наталлі Качанавай. Але ўсе гэтыя кандыдатуры (у чым і сыходзіліся эксперты) маюць тую самую рысу, якой прасякнутая ўся сістэма Лукашэнкі: яны безыніцыятыўныя, «абыякавыя да жыцця і схільныя да самагубства». Можа быць, нехта з іх (асабліва сілавікі) і здольныя былі б падхапіць уладу. Але «падхапіць» і «ўтрымаць» — гэта розныя рэчы.

«Як павядзе сябе міліцыя, калі Лукашэнка не аддае загадаў, як будзе паводзіць сябе войска, КДБ — усё адкрытыя пытанні. Сітуацыя можа пайсці ў любым кірунку», — адзначаў, напрыклад, Аляксандр Фрыдман.

І канешне ж, ёсць адно галоўнае пытанне: каму патрэбная такая спадчына — разваленая краіна з паліцэйскім рэжымам? Хто возьме на сябе адказнасць за яе, асабліва ў варунках, калі дзяржчыноўнікі звыклі не браць на сябе адказнасць, а наадварот, пазбягаць яе?

Таму нават сцэнар «ваеннай хунты» ў большасці зводзіўся да таго, што прыдатнага для яе «пераемніка» будзе прызначаць не Лукашэнка, а Масква. Бо больш гэтая тэрыторыя, падаецца, нікому не патрэбная

Лукашэнка, выбудоўваючы сваю персаналісцкую сістэму на безыніцыятыўным падпарадкаванні, заклаў бомбу пад уласную спадчыну. Ён шматкроць паўтарае, што хацеў бы «пакінуць нашчадкам» краіну і сваю спадчыну. Але не тое што пакідаць няма чаго — ніхто не хоча яе браць. Таму што браць такую спадчыну — гэта браць адказнасць, праяўляць ініцыятыву і творчы падыход.

А гэтага лукашэнкаўская наменклатура рабіць не тое што развучылася — яна гэтага і не ўмела. І ўся сістэма рэжыму пабудаваная на тым, каб гэтае ўменне ў іх не з’явілася. Што ў канчатковым выніку прывяло да не ўстойлівай і турбулентнай сітуацыі.

Дзядуля стары, яму пад 70… Што далей?