Адкрыццё мемарыяльнай дошкі да #БНР100 перанясуць на тыдзень пасля 25 сакавіка
Мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэння незалежнасці БНР, якую маюць павесіць на доме на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была падпісаная Трэцяя Ўстаўная грамата, гатовая да мантажу, паведамляе Радыё Свабода.
![doshka.jpg doshka.jpg](/img/v1/images/doshka.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Устанавіць яе меркавалі напярэдадні 25 сакавіка, ды гарадcкія ўлады не паспяваюць узгадніць. Але, як кажа старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца, які звяртаўся ў Мінгарвыканкам з просьбай дазволіць устаноўку дошкі, улады не супраць і толькі спрыяюць працэсу.
«Мінгарвыканкам яшчэ не прыняў фармальнага рашэньня: вусна ўсё ў норме, але з чыста тэхнічных прычынаў не было паседжання», — кажа Сітніца.
Паводле Сітніцы, адкрыццё дошкі анансавалі зарана — да выканання неабходных працэдураў і атрымання дазволу на імпрэзу. Адпаведныя паседжанні звычайна адбываюцца па чацвяргах, але раней іх не маглі арганізаваць, бо старшыня Мінгарвыканкаму быў у ад’ездзе. Паседжанне мае адбыцца 22-га або 23-га сакавіка — улады папрасілі перанесці адкрыццё дошкі на наступны тыдзень.
«Я не бачу ў гэтым вялікай праблемы, — кажа Сітніца. — Спачатку прымаецца рашэнне ўладаў, якія дазваляюць павесіць дошку, затым тыя, хто яе робяць, павінны паказаць яе гарадской мастацкай радзе, якая робіць заключэнне, што не мае пярэчанняў супраць эскізу і месца, і калі ўзгадняе, то гэтая дошка выконваецца ў матэрыяле, пішацца заяўка на час адкрыцця.
Так рабілася, калі ставілі мемарыяльны знак на месцы дамоў братоў Луцкевічаў, тады не ўзнікла ніякіх праблемаў, бо загадзя было ўзгодненае месца, эскіз, а пасля час адкрыцця.
Я атрымаў ліст ад гарадскіх уладаў, дзе напісана, зачытваю: «Са свайго боку паведамляем аб адсутнасці прынцыповых пярэчанняў правядзенню масавага мерапрыемства пры ўмове ажыцьцяўлення ўсіх працэдур"».
![doshka_2.jpg doshka_2.jpg](/img/v1/images/doshka_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сітніца дадае, што «25-м святкаванне не заканчваецца», пасля 25 сакавіка будуць праходзіць розныя імпрэзы і выставы, прысвечаныя БНР. Ён перакананы, што дошку ўстановяць і адкрыюць на наступным тыдні, як толькі тое дазволяць улады, і падкрэслівае, што адкрыццё пераносіцца не на «няпэўны час», а менавіта на наступны тыдзень.
***
Новая дошка зробленая з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Грошы на новую дошку сабралі талакой усяго за тры гадзіны. Надпіс на ёй зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаванне ўладаў.
Арганізатар краўдфандынгу для вырабу памятнай дошкі Глеб Лабадзенка напісаў у сваім фэйсбуку, што пасьля канчатковага разліку засталося 1130 рублёў. Гэтыя сродкі перададуць на арганізацыю канцэрту «Свята Незалежнасьці» 25 сакавіка каля Опернага тэатру.