Адкуль у Лукашэнкі ўзнагароды Васіля Быкава?

Сёння на сустрэчы са школьнікамі Лукашэнка дастаў зорку Героя Сацыялістычнай Працы, якая нібыта належыць Быкаву. «Хацеў сказаць мярзотнікі, але не скажу — нехта са сваякоў ці іншых на рынку прадавалі за 30 долараў», — казаў ён. Сваякі пісьменніка абурыліся такім цынізмам і лічаць, што ўзнагароды скралі.

1522_9tb81.png


«Учора старэйшы сын прынёс мне гэта ўсё. Вось тут зорка Героя Сацыялістычнай Працы савецкіх часоў, да яе тады ўручалі ордэн Леніна. Гэта знак народнага пісьменніка Беларусі. А гэта ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. А гэта пасведчанне. Гэта ўсё належыць, спадзяюся, вядомаму нашаму пісьменніку Васілю Быкаву. Што мяне ўразіла? Гэта, хацеў сказаць мярзотнікі, але не скажу, нехта са сваякоў ці іншых на рынку прадавалі за 30 долараў. […] Канешне, гэта са сваякоў пачалося», — сказаў Лукашэнка на сваім выступленні на 1 верасня, паказаўшы ўзнагароды.

Яе вядома «НН», узнагароды Васіля Быкава пасля яго смерці падзялілі паміж сынам Сяргеем і жонкай Ірынай Міхайлаўнай. У сына — пераважна ваенныя ўзнагароды. Тое, што дастаў Лукашэнка, пакінула сабе Ірына Міхайлаўна, якой ужо за 90 год.

Дазваніцца да Ірыны Міхайлаўны не атрымалася, але выказаліся іншыя сваякі.

«Балюча і крыўдна слухаць усё гэта. Мы ў шоку. Хлусня, навошта ўсё гэта? — сказалі нам у адной з сем'яў-спадкаемцаў. — Сяргей сёння вельмі засмучаны, у шоку, як можна такое казаць. Школьнікам… Каб што, каб не чыталі Быкава? Яго даўно ўжо дзяржава забыла, кніг не друкуе, а тут на табе. У Сяргея гэта ўсё ляжыць у цэласнасці, у яго там свой музей дома. Запісы, кніжкі, узнагароды. У асноўным ваенныя ўзнагароды».

«Ірына Міхайлаўна пакінула ў сябе дарагія для мужа рэчы. Гэта ў яе ляжыць. Каб яна нешта панесла на барахолку, рэчы каханага мужчыны прадаваць за 30 долараў у 90 год?! Адкуль увогуле ў старэйшага сына Лукашэнкі гэтая зорка і ордэн? Ён што, сам па барахолках ходзіць?», — задаліся яны пытаннем.

Іншыя сваякі кажуць, што калі ўсё ж паказаныя ўзнагароды з ліку тых, што засталіся ў Ірыны Міхайлаўны, то іх лёс мог быць розны.

«Яна частку планавала аддаць у музей — у прынцыпе, там і так музейшчыкі былі вельмі ўваходныя ў яе дом, нешта ўсё прасілі, яна аддавала, каб годны музей зрабілі. Каб яна нешта панесла на барахолку — такога не можа быць. Кропка. Хутчэй паверу, што нехта з уваходных у яе кватэру проста гэта ўсё скраў. У прынцыпе, яна казала Васілю [другому сыну Быкава], што ў яе адчуванне, што нехта ў яе дома бывае, калі яна адыходзіць. Бо то касцюмы знікаюць, то паперы расцярушаныя. Хто ў той кватэры быў, цяжка сказаць, сыны Быкава там гадоў 20 не былі.

Думаю, трэба гэтую справу расследаваць, спытаць у сына Лукашэнкі, як у яго аказаліся чужыя ўзнагароды», — сказаў іншы сваяк.


Каментар НЧ.

Артыкул 236 КК РБ: Набыццё альбо збыт матэрыяльных каштоўнасцяў, заведама здабытых злачынным шляхам.

1. Загадзя не абяцаныя набыццё, захоўванне або збыт матэрыяльных каштоўнасцяў, загадзя здабытых злачынным шляхам, пры адсутнасці прыкмет легалізацыі («адмывання») матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых злачынным шляхам, –

караюцца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна альбо ў буйным памеры, –

караюцца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў са штрафам.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя групай асоб па папярэдняй змове альбо ў асабліва буйным памеры, –

караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў са штрафам.