Адвакаты будуць падаваць апеляцыю на прысуд журналісткам «Белсата»
Нельга разглядаць стрым журналістаў як арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, — сказаў адвакат Сяргей Зікрацкі «Еўрарадыё».
18 лютага вынесены прысуд дзвюм журналісткам тэлеканала «Белсат» Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай. Суддзя Наталля Бугук прызнала іх вінаватымі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК) і прысудзіла дзяўчатам па два гады калоніі агульнага рэжыму.
Адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі пракаментаваў Еўрарадыё рашэнне суда.
— Я лічу, што рашэнне суда незаконнае і абсалютна неабгрунтаванае, таму што ніякіх дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, 15 лістапада ў раёне «Плошчы Перамен» не было, — сцвярджае адвакат. — Людзі прыйшлі, каб рэалізаваць сваё права на мірны пратэст. Нават калі хтосьці выйшаў на праезную частку, гэта не павінна разглядацца як дзеянне, якое груба парушае грамадскі парадак, паколькі людзі проста не мелі іншай магчымасці, акрамя як выйсці на праезную частку, яны мелі права прыйсці на мірны пратэст. У дачыненні да Кацярыны і Дар'і — яны проста транслявалі тое, што адбываецца на вуліцы. Яны ажыццяўлялі сваю працу, яны давалі людзям інфармацыю пра тое, што адбываецца.
— Ёсць закон аб масавых мерапрыемствах, які гаворыць пра тое, што любыя акцыі павінны быць узгоднены, — працягвае Сяргей. — Таму калі нейкая акцыя не ўзгодненая, калі хтосьці заклікае на няўзгодненую акцыю — гэта парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах, за якое прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Адміністрацыйную адказнасць за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах неабходна адрозніваць ад дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У тым, што тысячы людзей сабраліся ў адным месцы для таго, каб выказаць мірны пратэст, няма дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Людзі выйшлі на праезную частку, таму што ў іх проста не было іншай магчымасці, акрамя як выйсці на праезную частку, калі іх шмат.
Неабходна адрозніваць дзве сітуацыі: адна рэч, калі, умоўна кажучы, тры чалавекі перакрываюць буйную магістраль і перашкаджаюць руху грамадскага транспарту. У іншай сітуацыі, калі тысячы людзей сабраліся на маленечкім пятачку на «Плошчы Перамен», каб выказаць свой пратэст, і ім не хапае месца, то яны выходзяць на праезную частку. Гэта нельга разглядаць як дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Эксперты прааналізавалі змест стрыму, які вялі журналісткі. Заклікаў да беспарадкаў не знайшлі.
— Таксама нельга разглядаць стрым журналістаў як арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Мы лічым, што ніякіх заклікаў да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не было. Мы прадставілі заключэнне лінгвіста, які прааналізаваў увесь стрым, прадставілі псіхалагічна-лінгвістычнае заключэнне, зробленае двума спецыялістамі — псіхолагам і лінгвістам, якія таксама не ўгледзелі ніякіх заклікаў.
Апеляцыя ў суд будзе пададзеная ў найбліжэйшы час. Надзея на вызваленне ёсць, лічыць адвакат.
— Мы абсалютна ўпэўненыя ў тым, што Кацярына не вінаватая, — адказвае Сяргей Зікрацкі. — Улічваючы, што вынесены абвінаваўчы прысуд з досыць жорсткім тэрмінам, — натуральна, мы будзем яго абскарджваць. Апеляцыя можа як адмяніць прысуд, прызнаць яе невінаватай, так і змяніць пакаранне, у тым ліку прыняць рашэнне аб больш мяккім пакаранні.
Журналістак тэлеканала «Белсат»
затрымалі 15 лістапада падчас стрыму з «Плошчы Перамен». У гэты час у двары на
вуліцы Чарвякова знаходзіліся тысячы людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць
загінулага Рамана Бандарэнкі. Следства лічыць, што дзяўчаты нібыта выйшлі на
праезную частку і бралі каментары ў людзей, што «выклікала спыненне транспарту».
А яшчэ, што яны «шляхам агучвання інфармацыі "ажыццявілі" збор актыўных
удзельнікаў, якія груба парушалі грамадскі парадак», «з мэтай стварэння
масавасці для магчымасці супрацьстаяння дзеянням супрацоўнікаў праваахоўных
органаў».