Пікет у 6 раніцы ў пад'ездзе: мінчук выгукнуў «правакацыйныя лозунгі «Жыве Беларусь!»

Навагодні пікет у пад’ездзе — «дзеля публічнага выказвання свайго патрабавання правесці сумленныя выбары ў Беларусі»

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo_2.jpg

Мінчука затрымалі раніцай 1 студзеня па скарзе суседа, а потым асудзілі за «публічнае патрабаванне правесці сумленныя выбары», паведамляюць праваабаронцы

У судзе Ленінскага раёна Мінска ў пачатку студзеня разглядзелі справу мінчука, якога затрымалі раніцай 1 студзеня ў пад’ездзе каля яго кватэры. Як вынікае з пратаколу па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне), мужчына «1 студзеня каля 6:50 пікетаваў у пад’ездзе дзеля публічнага выказвання свайго патрабавання правесці сумленныя выбары ў Беларусі і выкрыкваў правакацыйныя лозунгі “Жыве Беларусь“». Сведкай гэтага «правапарушэння» стаў сусед мужчыны, які і выклікаў міліцыянтаў. Сваю віну мінчук на судзе не прызнаў.

Мужчына распавёў, што ноччу са знаёмымі святкавалі Новы год. Каля 6:50 хвілін ён выйшаў у пад’езд, каб праводзіць сваіх знаёмых. У гэты момант, з пятага паверха спусціўся сусед і стаў здымаць іх на камеру тэлефона. Калі сусед вяртаўся ў кватэру, мінчук вырашыў пагутарыць з ім, але не паспеў. Потым мужчына патэлефанаваў суседу, каб вырашыць праблему, аднак той не адказаў. Праз дзве гадзіны мінчук зноў выйшаў, каб праводзіць знаёмых, але ў пад’ездзе яго затрымалі сілавікі, хаця ён нічога не выкрыкваў. Ён адзначыў, што раней ужо меў з суседам нязгоды наконт шуму ў яго кватэры.

Сусед на судзе распавёў, што ў навагоднюю ноч каля 4:00 чуў шум з кватэры затрыманага, а праз тры гадзіны ўжо з іх пад’езда. Каля 6:30 ён выклікаў міліцыю і вырашыў спусціцца і зняць відэа, каб мець доказы для міліцыянтаў. Праз 20 хвілін, калі ён перастаў здымаць на тэлефон і вяртаўся ў кватэру, пачуў, як затрыманы выкрыкваў «правакацыйныя лозунгі “Жыве Беларусь“».

У пратаколе апытання сведкі-міліцыянта значыцца, што ён таксама чуў лозунгі на лесвіцы каля 6:50, але на судзе ён чамусьці сказаў, што чуў іх праз дзве гадзіны — у 8:30. Знаёмая мінчука таксама пацвердзіла, што яго затрымалі пасля 8:00.

На думку суддзі Юліі Інчынай, «калі мужчына, знаходзячыся сярод групы грамадзянаў, публічна выказваў пратэст супраць вынікаў выбараў, якія адбыліся ў Беларусі, то гэта даказвае, што ён браў удзел у пікетаванні». У выніку, суддзя пакарала мінчука 10-сутачным арыштам.