Актывісты БХД запланавалі 21 пікет за бязвізавы рух з Польшчай і Літвой
Актывісты кампаніі «За малы памежны рух» пры падтрымцы БХД падалі заяўкі на правядзенне 21-го пікета ў падрымку бязвізавага руху з Польшчай і Літвой. Ініцыятары звярнуліся да мясцовых ўладаў 19-ці прымежных з Польшчай і Літвой гарадоў па дазвол на правядзенне масавых мерапрыемстваў.
Мэтай правядзення пікетавання актывісты пазначылі — «Інфармаванне грамадзян аб сітуацыі з рэалізацыяй пагаднення аб малым прымежным руху паміж Рэспублікай Беларусь і
Рэспублікай Польшча і збор подпісаў у Міністэрства замежных спраў Беларусі з просьбай паскорыць увядзенне ў дзеянне гэтага пагаднення».
Як адзначыў адзін з ініцыятараў кампаніі «За малы памежны рух!» Зміцер Кухлей: «Мы хацелі бы распавесці жыхарам прымежных беларускіх гарадоў наконт пераваг і асаблівасцяў увядзення малога
памежнага руху з Польшчай і Літвой. У нашых суседзяў — Украіны і
Расіі — жыхары прымежных рэгіёнаў ужо некалькі гадоў карыстаюцца выгодамі
бязвізавага руху з краінамі Еўрасаюза. Мы спадзяемся на хуткую рэалізацыю існуючых дамоваў Беларусі з Польшчай і Літвой. Тым болей, што з гэтага года беларускія ўлады актывізавалі перамовы з ЕС
наконт візавай лібералізацыі».
Пікеты запланаваны на канец жніўня і пачатак верасня гэтага года. У выпадку дазволу ўладаў акцыі павінны адбыцца ў 19-ці гарадах і раённых цэнтрах, якія ўваходзяць у зону дзеяння дамовы аб Малым
памежным руху з Польшчай і Літвой: Брэст, Высокае, Жабінка, Камянец, Маларыта, Пружаны, Гродна, Свіслач, Вялікая Бераставіца, Ваўкавыск, Скідзель, Масты, Астравец, Ашмяны, Воранава, Іўе, Ліда,
Шчучын, Смаргонь.
bchd.info