Аліна Стэфановіч: Лісты ад Валянціна затрымліваюць
Жонка вядомага палітвязня, «вясноўца» Валянціна Стэфановіча Аліна за паўгода трымання мужа за кратамі вельмі сумуе, але распавядае «Радыё Рацыя» пра тое, што атрымліваецца перадаваць перадачы і лісты за краты.

Палітзняволены праваабаронца Валянцін Стэфановіч
Як кажа Аліна Стэфановіч, перадачамі і лістамі займаюцца яе родныя і родныя мужа :
— Магчымасць перадаваць перадачы ёсць. Гэтым займаецца наша сям’я — сястра. Дзякуй Богу, ёй усё ўдаецца перадаваць, вядома, з таго, што дазволена. З гэтым праблем быццам бы няма. Але час ад часу праблемы здараюцца. Напрыклад, апошні ліст, які я атрымала, быў датаваны 4 студзеня. Я яго атрымала толькі 17-га на беларускі адрас. Таму мне падаецца, што такія перапынкі ў два тыдні — гэта занадта.
Паводле слоў Аліны, дзеці вельмі сумуюць з-за адсутнасці бацькі.
— Як дзеці без бацькі? Вядома, што дзеці заўсёды жылі ў поўнай сям’і, у іх заўсёды быў тата. Наш тата заўсёды вельмі прысутны. Нягледзячы на сваю занятасць, ён шмат увагі надаваў дзецям. Таму для дзяцей яго адсутнасць вельмі заўважная. Раз-пораз, калі ён дасылае нейкі малюнак, штосьці такое асабістае, напрыклад, для сярэдняй дачкі, то яе гэта моцна расстройвае.
Аліна з дзецьмі былі вымушаныя пакінуць Беларусь і цяпер жывуць у аджарскім Батумі, дзе яна прымае актыўны ўдзел у справах беларускай дыяспары.