Анатоль Лябедзька: Мы не будзем адгаворваць людзей ад Плошчы

Пра гэта палітык заявіў падчас анлайн-канферэнцыі БелаПАН.



70f250e2d762fbde8a2e70eabf6eb953.jpg

У адказ на пытанне, ці будзе ён клікаць людзей на Плошчу, Анатоль Лябедзька адказаў: "Мы не будзем адгаворваць людзей ад Плошчы, як гэта робяць некаторыя іншыя прэтэндэнты. Сёння кліча на Плошчу Аляксандр Лукашэнка, урад сваёй палітыкай. Я быў на заводскай прахадной, я адчуў, што яны чуюць заклік улад. І ва Украіне, пра якую сёння шмат гавораць, Майдан зрабіла не апазіцыя. Зрабіла ўлада сваімі непрафесійнымі дзеяннямі, карупцыяй, няздольнасцю зрабіць краіну свабоднай і заможнай. Таму галоўны інвестар — гэта Лукашэнка. Ён сёння кліча на Плошчу. І я не выключаю, што Плошча можа быць, і гэта права канстытуцыйнае.  Калі, напрыклад, падчас прэзідэнцкай кампаніі ў мяне будуць красці галасы, маіх людзей, мая каманда будзе зведваць націск, вядома, мы будзем супраць гэтага пратэставаць. Гэта нармальная з'ява! Мы ж не чарвякі, якія поўзаюць. Сёння гэта не стаіць нейкая задача, як мэта, але гэта права, якое зафіксаванае ў Канстытуцыі. Сёння ўлада робіць многае, каб Плошча адбылася, таму што, калі ў вас заробак 2-3 мільёны, а гэта становіцца галоўным паказчыкам эканамічнага жыцця ў рэгіёнах, то ў людзей не так і шмат альтэрнатывы. І што б там ні казала апазіцыя або ўлада, гэта прымушае людзей на пратэставыя дзеянні. Ці то праз Плошчу, ці то на сваім прадпрыемстве. Давайце мы будзем больш спакойнымі і не баяцца Плошчы. Гэта не штосьці страшнае, гэта тая з'ява, якая ўзнікае ў выніку дзеянняў перадусім саміх улад. Я не выключаю, што людзі і самі пойдуць на Плошчу, і я магу сказаць: давайце выйдзем на мірны пратэст".