Анатоля Шумчанку пасля каронавіруса пераводзяць у рэанімацыю

Сёння лідару прадпрымальнікаў стала горш.

Фота з фэйсбука Анатоля Шумчанкі

Фота з фэйсбука Анатоля Шумчанкі


«Пераводзяць у рэанімацыю па сэрцы! Усе астатнія паказчыкі здаровыя. Лекар так і сказаў — здаровы. Будуць УГД сэрца рабіць. Без кіслароду вельмі складана дыхаць. Вось тая падступнасць, пра што казаў: кавід вылечылі, а памрэш ад іншага ўскладнення. Дрэнныя справы, хоць учора ўсё было супер», напісаў у фэйсбуку старшыня ліквідаванага ўладамі аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.
Сёння раней ён пісаў, што адчуў рэзкае пагаршэнне стану і цяпер зноў знаходзіцца пад кіслародам.
«Паспаў без кіслароду, раніцай кашаль з крывёю і здушванне ў грудзях. Увогуле аптымізму ўсё менш і менш», — пісаў Шумчанка.
Прадпрымальнік захварэў на каронавірус больш за тры тыдні таму, у шпіталі ён знаходзіцца ўжо 21-шы дзень і актыўна распавядае пра цячэнне хваробы ў сваім фэйсбуку.