Апостальскі нунцый у Беларусі наведае ў суботу Трасцянец і Курапаты
Кляўдыё Гуджэроцці памоліцца за ўсіх, хто стаў ахвярамі гвалту, і пакладзе кветкі ў знак ушанавання іх памяці.
У другой палове дня 1 лістапада, напярэдадні Дня памінання ўсіх памерлых вернікаў, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцці наведае мемарыяльны комплекс "Трасцянец" і ўрочышча Курапаты.
Як паведамляе сайт Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, Кляўдыё Гуджэроцці памоліцца за ўсіх, хто стаў ахвярамі гвалту, і пакладзе кветкі ў знак ушанаваньня іх памяці. На месцы мэмарыяльнага комплексу "Трасцянец" у гады Другой сусветнай вайны пад Менскам знаходзіўся канцэнтрацыйны лгаер, чацвёрты па велічыні пасля Асвенцыма, Майданэка й Трэблінка. У пэрыяд з 1941 па 1944 гады тут зьнішчылі больш 206 тыс. чалавек. Курапаты — лясное ўрочышчы на паўночна-ўсходняй мяжы Менска, месца забойства ахвяраў палітычных рэпрэсій 1937–1940 гадоў. На думку даследчыкаў, ва ўрочышчы можа быць пахавана некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.