«Апошнія тры месяцы я падпрацоўваў грузчыкам на Камароўцы» — Аляксандр Памідораў з'ехаў з Беларусі
Музыка Аляксандр Памідораў і музычны менеджар Павел Юрцэвіч пакінулі Беларусь і знаходзяцца на дадзены момант у Польшчы, паведамляе reform.by.

Аляксандр Памідораў. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Як паведамляе @by_culture, яны прынялі гэтае рашэнне з-за немагчымасці працаваць на радзіме, страты бізнесу і пераследу з боку ўладаў.
Паводле слоў Аляксандра Памідорава, пасля затрымання на адным з дваровых канцэртаў, акцый і песень у памяць аб забітых на радыё яму прама сказалі, што працы для яго там няма. Нагадаем, у лістападзе мінулага года Аляксандр паведамляў, што звольніўся з «Радыё РОКС-М». Ён таксама распавёў, што актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі калегі Алеся Таболіча і ў жнівеньскіх мітынгах.
«З лістапада мінулага года я беспрацоўны. Уладкавацца на працу аказалася немагчыма. Апошнія тры месяцы я падпрацоўваў грузчыкам на Камароўцы. Але падзеі, якія пайшлі з верасня (затрыманні і арышты сяброў і знаёмых, вынясенне прысудаў па крымінальных артыкулах, арышты за леташнія выступы і г. д.), прывялі проста да татальна дэпрэсіўнага стану. Мне намякнулі, што да маёй асобы можа з'явіцца цікавасць... таму я прыняў рашэнне на некаторы час з'ехаць туды, дзе магу працаваць і займацца сваімі, у тым ліку, творчымі справамі», — распавёў ён.

Павел Юрцэвіч атрымаў 13 сутак пасля таго, як у яго клубе «Берлін» знайшлі некалькі налепак з «Пагоняй» і надпіс «Жыве Беларусь». У гэты час клубу не давалі адкрыцца. Ён распавёў пра тэлефанаванні з пагрозамі пасадзіць персанал і аб тым, што ў адміністрацыі раёна яму сказалі, што клуб павінен знікнуць.
Паводле яго слоў, да гэтага падключыліся і арэндадаўцы, якія сталі патрабавалі самім скасаваць дамову арэнды.
«У выніку бізнес, які дапамагаў жыць, — разбураны. Заробку ў гэтай краіне не знайшоў. Таксама цісне разуменне, што, калі "адзначаны" сістэмай, то магу зноў сесці, надаўжэй», — кажа Павел.
З дапамогай сяброў ён з'ехаў у Польшчу, дзе плануе тут жыць і працаваць, пакуль сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца.