«ЯК СПРАВЫ?» Аляксандр Памідораў: Калі граеш рок і спяваеш па-беларуску — ты ўжо «адшчапенец»

Наш сённяшні госць — Аляксандр Памідораў, чалавек, якога не трэба адмыслова прадстаўляць, бо такое ўражанне, што яго ведаюць усе, хто цікавіцца беларускім рокам. Часам яго называюць і «архіварыусам беларускага року» (чаму ён сам сціпла пярэчыць), таму ў гутарцы мы непазбежна закранулі не толькі дзень сённяшні, але і шлях, які на яго вачах прайшла беларуская рок-сцэна цягам апошніх дзесяцігоддзяў.


— Такім чынам, як справы?

— Ды як ва ўсіх, амаль што ніяк. Нешта жывецца, апошнія сонечныя восеньскія дні з блакітным небам трохі падбадзёрваюць. А так усё звычайна — каты, спробы падпрацаваць.

Нягледзячы ні на што, прэзентавалі ў лютым альбом «Пьяных гостей», што выйшаў яшчэ год таму, у студзені 2020 года. Атрымалася гэта зрабіць толькі ў Маскве, бо ў Мінску ўсе тры спробы прэзентацыі былі спыненыя ўладамі.

Але час ад часу граем. У жніўні адыгралі канцэрт памяці Майка Навуменкі, каб яшчэ рэалізаваць пару-тройку соцень асобнікаў альбома «Эстрада»... Праз кавід і не толькі апошнім часам гэта складана, а фінансавая яма паглыбляецца.


З красавіка ўдзельнічаю ў праекце «True Litvin Beat» як басіст. Зразумеў, што змарнаваў час, бо не займаўся бас-гітарай. Невераемны інструмент!

Зараз са сваімі хлопцамі з «Pomidor/OFF» рыхтуем сінгл з новай песняй і беларускім каверам на адну маю ўлюбёную песню з рэпертуару групы «KNZ» — адзін са шматлікіх праектаў вядомага польскага артыста Казіка Сташэўскага. Гэта робіцца пры ўсеагульнай падтрымцы Беларускай рады культуры.


— Калі хтосьці пытаецца «А хто такі Памідораў?», то дакладна не ведаеш як адказваць. Ты і музыка, і шоумэн, і радыёвядоўца. Дык хто такі Аляксандр Памідораў?

— А чорт яго ведае! Увогуле, гэта такі персанаж. Я нават яго спрабаваў забіць, але ён нейкім чынам адраджаецца. Ну і хай сабе жыве і нешта вытварае. У эфіры я працаваў пад сваім уласным прозвішчам —Крывашэеў. А хто такі? У мяне пэўная адукацыя, саматужны музыка, вядучы шматлікіх фестываляў і г. д.

Памідораў — больш сцэнічнае прозвішча, пад якім мяне ведаюць не толькі ў гэтым горадзе і ў гэтай краіне. А калі хто не ведае — ну і добра. Бывае, паглядзіць хто фоткі з «Басовішча» ці «Рок за Баброў», і такі: «А! Гэты? Ай, канешне, ведаю!» Ці як у Даўлатава:  «— Вы ведаеце Абрама Смірнова? — Абрам, Абрам... Нешта знаёмае. А вось прозвішча Смірноў чую ўпершыню!»

Усё пачалося з «Пьяных гостей» у Араніенбаўме (былы Ламаносаў пад Санкт-Пецярбургам) — такое было акустычнае трыа, і гэтак яно і працягваецца. А потым я пачаў спрабаваць пісаць па-беларуску — нейкія панкаўская тэксты, — і мне спадабалася. Пазней зрабіўся прарыў праз стасункі з калектывам «Радые 101.2». Я зразумеў, што тая беларуская мова, якую я ведаю з дзяцінства і школы, гэта зусім не тая беларуская мова, на якой людзі размаўляюць. І я пачаў зноўку яе вывучаць. Тады на побытавым узроўні мы размаўлялі па-беларуску. Ідзём на каву, ці на піва, ці яшчэ куды — мы заўсёды размаўлялі на беларускай мове.

Я трапіў у такое асяроддзе, і пачалі складацца тэксты. Асабістая гісторыя з песняй «Цуд на каляды», увосень 1999 года пачалося пісацца «Крывавае свята», літаральна кажучы з мяне проста лезла... Безумоўна, «Народны Альбом» вельмі паспрыяў.


Ну а першы выступ з гуртом «Pomidor/Off» — гэта цалкам авантура. Не памятаю дакладна, у якім годзе гэта было (здаецца, у 2001), на Купаллі ў Польшчы трэба было выступіць з трыма песнямі. Тады на бубнах быў Андрэй Сапоненка, на басе — Саша Салаўеў, гітарыў Піт Паўлаў, ну а я — такі вольны мікрафон. А потым пачалася іншая гісторыя: мы пачалі граць разам з Сяргеем Канановічам, быў яшчэ такі бубнач «Ганс» Саня Быкаў. Так вось і працягваецца.


— «Народны альбом» — практычна адзіны такі вялікі і вядомы супольны беларускі музычны праект. Як ён ствараўся?

— Не адзіны. Былі яшчэ два, а насамрэч тры. Адзін застаўся нявыдадзены.

Дзіўным чынам у студыі «Радые 101.2» у запісе бралі ўдзел усе, хто там быў. Хто што — пагрукаць, падпець, паўлюлюкаць... І ўсе яны пазначаны на вокладцы — 27 ці 30 чалавек.

Першапачаткова гэта мусіў быць новы альбом гурта «Новае неба», але сітуацыя ў творчых і асабістых стасунках склалася так, што да працы аказалася прыцягнута шмат іншых людзей. У нас была такая сціплая кампанія, мы вельмі працяглы час праводзілі разам — хадзілі ано да аднаго, на канцэрты, гралі і г. д.

У іншай краіне «Народны альбом» бы ўжо вывучалі ў школах ці на курсе сучаснай музыкі ў кансерваторыі. Упершыню сольна заспявала Вераніка (Круглова. — Заўв. «НЧ»), упершыню сольна прагучаў Дзіма Вайцюшкевіч.

«Альбом» двойчы спрабавалі паўтарыць палякі і ўкраінцы. Ва ўкраінцаў не атрымалася, а ў палякаў выйшла значна лепш, але ж вельмі пафасна і нікога не зацікавіла.
 
Я памятаю, калі мы сядзелі ў студыі і адгучалі апошнія акорды «Простых словаў», ні ў каго не хапіла моцы націснуць на «Стоп» — мову заняло. Сядзім, маўчым — і думка: «Нешта мы зрабілі такооое! Самі яшчэ нават не разумеем, што мы зрабілі». У мяне такое адчуванне, што адзіны чалавек толькі ведаў наперад, што з гэтага будзе. Гэта Міхал Анемпадыстаў.


А я трапіў туды так. Неяк пад Новы год мы са Шлёмам (Сяргей Лабандзіеўскі, гукарэжысёр. — Заўв. «НЧ») сядзелі на студыі, бо мне прыйшла думка запісаць некалькі песень. Нешта запіс не ішоў, я плюнуў і кажу: «Ай, усё, давай зараз пару жыдоўскіх запішам — і ўсё. Дамоў яшчэ трэба, палас на снезе выбіць, ды і Новы год сустракаць».
Запісалі некалькі песень, сярод якіх была і «Lomir zich iberbetn».

Другога студзеня прыходжу і бачу, што ў памяшканні рэдакцыі нікога няма, заходжу ў студыю — а ўсе там. Сядзяць і слухаюць гэтыя песні, бо Шлёма забыўся зняць бабіну з запісам з магнітафона. Больш за ўсё пераматваюць і зноў слухаюць «Lomir...».

Праз некаторы час мяне сустракае Міхал Анемпадыстаў і ў сваёй фірменнай манеры кажа: «Саша, у мяне ёсць да вас пытанне. Не хацелі б вы, каб ваша песня прагучала ў "Народным альбоме"?» Я, канешне, адказваю, што для мяне гэта быў бы гонар. І ён мне адразу: «А не маглі б вы яе заспяваць?» Я так зухавата яму: «Нууу, мне было б гэта вельмі цікава».

— Якія яшчэ супольныя праекты былі?

— Потым быў яшчэ «Святы вечар». Яго тыраж вельмі добра разышоўся. На самой справе, гэта стандартная для ўсяго сусвету рэч, калі пад Каляды артысты выдаюць нейкія міксы, зборнікі. Гэта індустрыя цэлая.

Ну і, канешне, «Я нарадзіўся тут». Я лічу, што калі б не было «Народнага альбома», то гэтага нічога не было б.
Вельмі шкада, што не ўбачыў свет супольны альбом па творчасці Караткевіча, але там былі свае падставы.

— Ці ёсць нейкі шанец на тое, што такія супольныя праекты будуць яшчэ з’яўляцца?

— Гэта ўсё мусіць быць натуральным чынам. У «Святым вечары» і «Я нарадзіўся тут» першапачаткова ўжо была ідэя і нейкая камерцыйная падстава. Мусіць быць нешта, што аб’ядноўвае ўдзельнікаў, а інакш гэта проста складанка вядомых выканаўцаў.

У той час мы не былі вядомымі. Вядомымі былі Вольскі і яго «N.R.M.» (гістарычна — «Мроя»), Кася Камоцкая і гурт «Уліс». Вакол іх сабралася яшчэ нейкая колькасць музыкаў, якія таксама потым самі вышлі на гэты ўзровень. А калі гэта робіцца прадзюсарскім чынам, то гэта ўжо калабарэйты. На іх цікава глядзець, але яны доўга не жывуць.


Быў вельмі цікавы праект у Польшчы, ён, па-мойму, дагэтуль існуе, але там таксама ідэя. Гэта хрысціянскі рок і праект «Ноеў каўчэг». Там сабраліся вядомыя музыкі з польскіх гуртоў, назваліся новымі хрысціянамі і, фактычна, спрабавалі зрабіць новую не тое што царкву, але новую плынь у сучасным хрысціянстве. Гэта было цікава, і была ідэя.

Мне насамрэч цікава, ці зробіць нешта такое хтосьці з маладых музыкаў. Не нешта падобнае, а іншае, сваё. Калі трэба і паламаць нешта, як мы часам робім у нашым гурце: у мяне ёсць нейкая песня, я прапаную яе на рэпетыцыі, хлопцы згаджаюцца, і мы яе ламаем, валяем, слухаем і зноў можам паламаць... Так яно і працуе.

Ну і яшчэ калі праекты робяць адны і тыя ж людзі, то гэта сур’ёзнае выпрабаванне для псіхікі і творчасці. Падчас запісу і асабліва падчас канцэртаў нашу суполку «Народнага Альбома» добра паматала і выматала. Мы нават разышліся больш чым на паўгода, а потым сустрэліся ў Беластоку і адыгралі такі канцэрт, які штурхнуў «Народны Альбом» на нейкі наступны паверх.

Фактычна, два канцэрты памяці Аляксандра Кулінковіча і спробы канцэртаў «Нейра Дзюбеля» пасля яго смерці таксама былі супольным музычным праектам. Але, зноў жа, сіламі «старой гвардыі».

Спробы ў маладых былі, але пакуль не пайшлі далей за клубную імпрэзу. Можа, калі хто гэтае інтэрв'ю прачытае, то нейкія ідэі з’явяцца.


— Улічваючы ўсё, што адбываецца, ці можна сказаць, што беларускі рок зноў у андэграўндзе?

— Беларускі рок увесь час у андэграўндзе. Быў кароткі тэрмін дзесьці года з 1989 па 1995, калі нешта адбывалася і неяк выступалі. Але ніколі не было такой бздуры, як зараз. Калі ты граеш рок і спяваеш па-беларуску — ты ўжо «адшчапенец».

БССР і тая рыторыка нікуды не падзеліся. Пры тым, што збольшага рок — гэта музыка забавы. Сацыяльна-арыентаваных гуртоў зусім няшмат. Самыя яркія прадстаўнікі — гэта «Rage Against The Machine» і апошнім часам «System Of A Down». Так, безумоўна, узнікаюць часам тэмы: «А што ж у свеце дзеецца! Авой, авой, авой! Куды ўсё гэта коціцца! Хадзем пап’ем піўка». Расія даўно ўжо вылезла з сацыяльна-арыентаванага року, якім, па сутнасці, і быў савецкі — і потым рускі — рок. Напрыканцы 90-х у нас таксама палітыка пачала сыходзіць з тэкстаў.
 
Не ведаю, ці будуць спяваць пра фінансавы крызіс, кавід ды маскі, але ўсё, што адбываецца, лірычнаму настрою ніяк не спрыяе. Я з вялікім задавальненнем зараз паслухаў новы альбом «Tequilajazz» («Камяні». — Заўв. «НЧ»). Каб у такія часы выпускаць з такім лёгкім і добрым настроем альбом... Вялікая выяўленчая моц ёсць у гэтых людзей.

Цікава, ці будзе ў нас сітуацыя, якая адбылася на прасторы СССР, калі абрынулася камуністычная партыя і «ворагаў не стала». Тады вялікая процьма рок-гуртоў, якія пасліся на сацыяльнай тэматыцы, аказаліся перад фактам, што няма пра што спяваць. Было вельмі цікава назіраць за гэткім творчым крызісам. Некаторыя знайшлі сваё і выйшлі на наступны ўзровень, а некаторых не стала.

Ці будзе ў нас у выніку перамогі так? Ну, яшчэ год ці два можна будзе паспяваць пра «Мы памятаем», але далей трэба будзе будаваць нешта новае. Не ведаю я. Напрыклад, спяваць пра радасць бацькоўства ці яшчэ што.

— Ці пра «пап’ем піўка»...

— Наконт «пап’ем піўка» ў нас дагэтуль усё ў парадку! Я вельмі люблю і шаную творчасць гурта «Крама». Апошні альбом я лічу наўпрост адной з вяршынь беларускай музыкі, гэта альбом сусветнага ўзроўню. Увогуле, творчасць «Крамы» — гэта нейкае дзіўнае спалучэнне... Гэта можа быць сацыяльна-арыентаваная песня, але гэта будзе вельмі дазавана, і кожны пачуе тое, што хоча. Гэта тычыцца і такіх амаль што ўжо гімнаў, як «Гэй там, налівай!» і «Выпі са мной да дна». Такі выдатны прыклад року і ролу, блюзу — што заўгодна. Так што не ўсё так кепска: у нас ёсць «Крама». Хаця, канешне, можна падвесці пад нізкі мастацкі ўзровень і прапаганду ўжывання алкагольных напояў.


— Давай уявім, што вось заўтра знікне кавід і «ўзыдзе сонца». Што ты зробіш у першую чаргу?

— Па-першае, я пайду на свае пагрузачна-разгрузачныя працы, бо сонца-сонцам, а есці мне і катам трэба.
А там, можа, і напішацца нешта. Бывае такое, што просіцца адразу на акустычную гітару і запусціць у сеціва.

Але калі знікне кавід і інтэрнэт, то вазьму гітару і пайду спяваць на вуліцу. У двор свой, у сквер. Граць і спяваць.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: