Апытанне: самой цікавай эпохай у гісторыі Беларусі моладзь называе перыяд ВКЛ
Навучэнцы беларускіх ВНУ называюць эпоху ВКЛ адной з самых цікавых у гісторыі краіны. А самай значнай падзеяй — перамогу СССР над нацысцкай Нямеччынай. Такія вынікі даследавання, якое ў 2018 годзе правёў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі.
Для даследавання былі апытаныя амаль 800 студэнтаў ВНУ ў Мінску, Магілёве і Горадні.
Моладзь прасілі выбраць найбольш значныя для Беларусі гісторыка-культурныя падзеі (этапы, працэсы і з’явы). Такім чынам, у топе апынуліся перамога СССР над нацысцкай Германіяй, спартыўныя дасягненні Беларусі, і — нечакана — палёт Гагарына.
У пытанні аб тым, якая эпоха ў айчыннай гісторыі падабаецца больш за іншых, лідарамі апынуліся ВКЛ і пачатак XXI стагоддзя. Хоць амаль кожны пяты рэспандэнт не змог адказаць на пытанне (18,9%, на графіцы гэтая доля не паказаная).
Удакладнім, што некаторыя з прапанаваных варыянтаў адказаў (эпоха Маскоўскага царства, Івана Грознага, Пятра I) наўпрост не адносяцца да беларускай гісторыі.
Даследаванне было праведзена ў 2018 годзе навуковым калектывам Інстытута сацыялогіі НАН: Наталляй Сасноўскай, Вольгай Міцкевіч і Дар'яй Карамызавай пад кіраўніцтвам кандыдата сацыялагічных навук, дацэнта Ірыны Лашук. Дадзеныя прадастаўлены TUT.BY навуковым супрацоўнікам Інстытута сацыялогіі Кірылам Стаселькам.
Паводле TUT.by