Арганізатары “Прэс-фота Беларусі”: Ёсць эканамічныя праблемы, бо мала хто хоча “свяціцца” побач
Чаму ніхто з фіналістаў не атрымаў гран-пры? Ці цягнецца “экстрэмісцкі” шлейф за конкурсам пасля гісторыі з альбомам “Прэс-фота Беларусі-2011”? Якія перспектывы выдання фотаальбома сёлета? Пра гэта пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу прэс-служба ГА “БАЖ” пагутарыла з сябрам аргкамітэта Сяргеем Міхаленкам.
Фота www.mbr.by
БАЖ: Упершыню за гісторыю конкурсу яго вынікі абвяшчаліся не на ўрачыстай цырымоніі. Яе зусім не будзе?
С. Міхаленка: Калі ўсё складзецца добра, мы плануем усё ж зладзіць цырымонію — проста цяпер адкладаць было ўжо немагчыма. Мы вырашылі, што абвесцім вынікі, а пасля ўжо будзем старацца зладзіць цырымонію ўзнагароджання, выставу і г.д.
БАЖ: А чаму не прысуджаны гран-пры? Што ж будзе на вокладцы, калі збярэцеся друкаваць альбом?
С.М.: Настолькі ўроскідку сёлета сябры журы вылучылі сваіх “кандыдатаў” на гран-пры, што выбраць з іх нешта адно так і не атрымалася... Так, ва ўсе папярэднія гады на вокладку альбомаў бралі фота, якое атрымала гран-пры. Але асабіста мая пазіцыя, што альбом — самастойны прадукт, таму гэта не абавязкова. Кніжка стаіць на паліцы, і вокладка ўсё ж павінная “прадаваць” яе. Напрыклад, у літоўскім конкурсе “Прэс-фота” на вокладку бяруць самае “звонкае” фота.
БАЖ: Калі пра цырымонію рана казаць, то і пра выпуск альбома — адпаведна, таксама?
С.М.: Так, мы ж не бюджэтная арганізацыя, каб разлічыць усё загадзя. Праца ідзе, шукаем, але пакуль ніякіх гарантый няма.
БАЖ: Ці адчуваюцца нейкія наступствы праблем, з якімі сутыкнуўся альбом “Прэс-фота Беларусі-2011”? (Прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” па рашэнні суда — заўв. рэд.)
С.М.: На працы журы гэта дакладна ніяк не адбіваецца, бо яно ж не “тутэйшае”. Для маскоўскіх фатографаў ці для літоўскага сябра журы гэта, канешне, не таямніца. Але ж мы не інфармуем усіх спецыяльна, што была такая гісторыя. Сёлета палітычных тэм у дасланых на конкурс фотаздымках практычна не было. Але і яркіх падзеяў было небагата — я думаю, што гэта ад падзеяў усё ж найперш залежыць. Самае яркае — гэта Хаўер. Фотаздымкаў пра гэтую завею даволі шмат даслалі, хаця яны ў выніку не выйшлі ў фінал. Калі казаць пра тэндэнцыі — мне падаецца, што фатографы сталі больш праектаў на сацыяльныя тэмы рабіць. Раней адчувалася, што фатографы адпрацоўваюць пры агенцтвах пэўныя тэмы, якія “вядуць”. А цяпер больш самі шукаюць.
БАЖ: Вы як арганізатары конкурсу ніякай павышанай увагі з боку “органаў” не адчуваеце?
С.М.: Не, проста спакойна працуем. Найперш перад намі стаяць эканамічныя пытанні. Гісторыя з альбомам “Прэс-фота Беларусі–2011” адбілася на тым, што мала хто хоча “свяціцца” побач. Гэты “шлейф” дагэтуль цягнецца, ён нібы маркер такі...
З аргкамітэтам конкурса можна звязацца наступным чынам:
+375 29 353 54 52
+375 29 155 22 00
e-mail: info@pressphoto.by