Армія РФ павялічваецца да 2 мільёнаў чалавек. За кошт чаго — не кажуць
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін загадаў павялічыць штатную колькасць вайскоўцаў адразу на 137 тысяч чалавек.
Прэзідэнт Расіі
Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб павелічэнні штатнай колькасці расійскай арміі.
У адпаведнасці з указам, колькасць салдат будзе павялічаная на 137 тысяч
чалавек. Гэта будзе зроблена толькі за кошт павелічэння колькасці вайскоўцаў —
колькасць цывільнага персаналу ў войску застанецца нязменнай.
«Устанавіць штатную колькасць Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі ў колькасці 2 039 758 адзінак, у тым ліку 1 150 628 вайскоўцаў».
Якім менавіта чынам будзе павялічана колькасць вайскоўцаў — за кошт дадатковага прызыву або за кошт павелічэння колькасці кантрактнікаў — ва ўказе не ўдакладняецца.
Указ пачынае дзейнічаць з 1 студзеня 2023 года.
Расійскія войскі, паводле ацэнак назіральнікаў, ва ўмовах вайны ва Украіне адчуваюць дэфіцыт жывой сілы. У апошнія месяцы гэты дэфіцыт папаўняецца шляхам найму добраахвотнікаў, у тым ліку сярод вязняў у СІЗА і калоніях.
Паводле meduza.io, www.pravda.com.ua